ҽ

Францішак вітае айца Тамаша Маўрыча, генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі місіі (архіўнае фота) Францішак вітае айца Тамаша Маўрыча, генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі місіі (архіўнае фота) 

Пантыфік да лазарыстаў: служыць тым, хто жыве ў нястачы

20 студзеня 2025 года Францішак скіраваў пасланне да Генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі місіі (лазарыстаў) напярэдадні 400-годдзя заснавання гэтай супольнасці. Ён падкрэсліў важнасць спадчыны святога Вінцэнта дэ Поля для аднаўлення Касцёла ў нашы дні.

Марыя Валодзіна - Pope

"Я малюся аб тым, каб гэтая знамянальная гадавіна стала падставай для вялікай радасці і новай місіянерскай руплівасці, заснаванай на перайманні асаблівай любові Хрыста да бедных", - напісаў Папа ў пасланні на імя айца-настаяцеля Тамаша Маўрыча.

Францішак адзначыў рост Кангрэгацыі місіі з часоў яе заснавання святым Вінцэнтам дэ Полям у 1625 годзе. Ён нагадаў пра духоўную спадчыну, апостальскую стараннасць і пастырскі клопат заснавацеля супольнасці.

“Спадзяюся, што святкаванне чатырохсотгадовага юбілею падкрэсліць важнасць вучэння святога Вінцэнта аб служэнні Хрысту ў бедных. Гэта важна для абнаўлення сучаснага Касцёла, місіянерскага служэння і дапамогі тым, хто жыве ў нястачы на перыферыях нашага свету і на задворках павярхоўнай і аднаразовай культуры. Упэўнены, што прыклад святога Вінцэнта асабліва натхніць маладых людзей, якія з энтузіязмам, шчодрасцю і клопатам пра стварэнне лепшага свету закліканы быць адважнымі сведкамі Евангелля сярод сваіх сверстнікаў, дзе б яны ні знаходзіліся”, - напісаў Папа.

Святы Айцец таксама згадаў шырокае распаўсюджванне духоўнасці Вінцэнта дэ Поля ў свеце: шматлікія яго паслядоўнікі жывуць і працуюць у галіне дабрачыннасці і дапамогі бедным у розных краінах. Ён прывёў у прыклад такую ініцыятыву як Альянс дапамогі бяздомным, які працягвае традыцыі заснавальніка: у 1643 годзе той пабудаваў у Парыжы трынаццаць дамоў для бедных.

Папа завяршыў сваё пасланне апостальскім благаслаўленнем манаскай сям'і святога Вінцэнта, даручыўшы яе матчынаму заступніцтву Панны Марыі.

400-гадовы юбілей Кангрэгацыі місіі будзе адзначацца 17 красавіка 2025 года. Кульмінацыя святкаванняў стане ўрачыстая Імша, якая пройдзе ў Парыжы 1 мая 2025 года.

21 студзеня 2025, 10:15