Angelus: на нашы недахопы Бог адказвае празмернай любоўю
Марыя Валодзіна - Pope
“Евангелле сённяшняй літургіі (Ян 2, 1-11) распавядае пра першы знак, які ўчыніў Езус, ператварыўшы ваду ў віно падчас вяселля ў Кане Галілейскай. Гэты аповед прадвяшчае і падсумоўвае ўсю місію Езуса: у дзень прыходу Месіі, казалі прарокі, Пан зладзіць для ўсіх свята з найлепшымі вінамі (Іс 25, 6) і горы будуць сачыцца новым віном (Ам 9, 13). Такім чынам, Езус – Жаніх, які прынёс новае віно”, - сказаў Францішак.
Папа звярнуў увагу на дзве рэчы, якія вынікаюць з евангельскага ўрыўка: недахоп і празмернасць. З аднаго боку, віно заканчваецца, і Марыя кажа свайму Сыну: "Не маюць віна" (Ян 2, 3), з другога боку, Езус загадвае напоўніць шэсць вялікіх збаноў, і віно ў іх такое добрае, што кіраўнік вяселля хваліць жаніха за тое, што захаваў яго да канца. Такім чынам, знак Божы – гэта празмернасць. На чалавечыя недахопы Бог заўсёды адказвае празмернасцю сваёй любові (пар. Рым 5, 20), - падкрэсліў Святы Айцец.
Часам мы заўважаем, што і на нашым жыццёвым банкеце заканчваецца віно. Гэта здараецца, калі турботы, страхі або разбуральныя сілы зла пазбаўляюць нас смаку жыцця, ап'янення радасцю і прысмаку надзеі. Але гэты недахоп Пан шчодра запаўняе сваёй любоўю, - нагадаў Пантыфік.
Францішак заклікаў маліцца Панне Марыі, каб заступалася за нас і ў гэты Юбілейны год дапамагла нам нанова адкрыць радасць сустрэчы з Езусам.