ҽ

Папа падчас абеду салідарнасці з беднымі. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас абеду салідарнасці з беднымі. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Сусветны дзень бедных: ініцыятывы Папы і Святога Пасаду

17 лістапада 2024 года ў Касцёле будзе адзначацца Сусветны дзень бедных, устаноўлены Францішкам восем гадоў таму, каб прыцягнуць увагу на сітуацыі людзей у нястачы, і заахвоціць дапамагаць ім. Сёлетняя тэма ініцыятывы: “Малітва беднага дасягае Бога” (Сір 21,5)

Аляксандр Панчанка - Pope

Прыклад салідарнасці з беднымі дасць сам Папа. Раніцай ён узначаліць Імшу на плошчы святога Пятра, перад якой благаславіць трынаццаць ключоў – сімвал Юбілейнага праекту 13 дамоў. У яго рамках арганізацыя Famvin Homeless Alliance, якая аб’ядноўвае духоўных паслядоўнікаў святога Вінцэнта дэ Поля ў трынаццаці краінах свету, пабудуе дамы для маламаёмасных сем’яў. Будаўніцтва трынаццаці дамоў у Сірыі будзе прафінансавана непасрэдна Апостальскай Сталіцай. Ініцыятыва будзе рэалізавана на працягу Святога года дзякуючы шчодрым ахвяраванням страхавой кампаніі UnipolSai.

Пасля літургіі Францішак сустрэнецца з беднымі ў ватыканскай Зале Паўла VI на супольным абедзе, арганізаваным Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні пры падтрымцы Італьянскага аддзялення Чырвонага Крыжа. У якасці падарунку ўсе госці атрымаюць заплечнікі з прадуктамі харчавання і сродкамі гігіены.

На працягу тыдня, які папярэднічае Сусветнаму дню бедных, ватыканскі дабрачынны медыцынскі цэнтр Маці Божай Міласэрнасці, будзе працаваць з падоўжаным графікам. Васямнаццаць спецыялістаў у розных галінах медыцыны будуць аказваць бясплатныя паслугі патрабуючым з 8.00 да 17.00. Дзякуючы гэтаму, людзі, якія жывуць у цяжкіх умовах, атрымаюць магчымасць прайсці абследаванне і вакцынацыю, атрымаць лекі і неабходную дапамогу.

З нагоды Сусветнага дня бедных Дыкастэрыя па міласэрным служэнні ў супрацоўніцтве з рымскімі парафіямі і кампаніяй UnipolSai дапаможа маламаёмасным сем’ям аплаціць квітанцыі за камунальныя паслугі.

Дыкастэрыя па евангелізацыі, у сваю чаргу, распрацавала спецыяльны душпастырскі дапаможнік для каталіцкіх супольнасцяў, мэта якога дапамагчы правесці Сусветны дзень бедных у салідарнасці з людзьмі, якія перажываюць матэрыяльныя цяжкасці. Дакумент, перакладзены на шэсць моў, даступны на сайце ведамства.

 

 

12 лістапада 2024, 11:59