ҽ

Анёл Панскі Анёл Панскі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Пантыфік заклікаў да салідарнасці з беднымі і малітвы аб міры

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла ў Ватыкане 17 лістапада 2024 года, Папа нагадаў аб тым, што бедныя не могуць чакаць, а таксама заклікаў маліцца аб спыненні войнаў.

Марыя Валодзіна - Pope

Францішак нагадаў пра беатыфікацыі, якія адбыліся ў Касцёле 16 і 17 лістапада 2024 года. У Албаніі былі абвешчаны благаслаўлёнымі два пакутнікі: айцец Луіджа Палік з Ордэна меншых братоў і дыяцэзіяльны святар Гён Газулі. Абодва сталі ахвярамі рэлігійнага пераследу XX стагоддзя. У нямецкім Фрайбургу быў беатыфікаваны айцец Макс Ёзэф Мэцгер, заснавальнік свецкага інстытута Хрыста Валадара, які пацярпеў ад нацысцкага рэжыму за сваю міратворчую дзейнасць. “Прыклад гэтых мучанікаў няхай суцешыць многіх хрысціян, якія ў наш час падвяргаюцца дыскрымінацыі за веру”, - пажадаў Францішак.

У Сусветны дзень бедных, які ў 2024 годзе праходзіць пад дэвізам “Малітва беднага дасягае Бога” (Сір 21, 5), Пантыфік падзякаваў усім, хто арганізаваў ініцыятывы салідарнасці з беднымі ў дыяцэзіях і парафіях. Ён заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці адмаўляю я сабе ў чымсьці, каб падзяліцца з беднымі? Калі я даю міласціну, ці дакранаюся я да рукі беднага і гляджу яму ў вочы? “Браты і сёстры, не будзем забывацца, што бедныя не могуць чакаць!” – нагадаў Святы Айцец.

У дзень успаміну ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў Пантыфік заклікаў маліцца за ўсіх пацярпелых, за іх сем'і, а таксама імкнуцца прадухіляць аварыі.

Святы Айцец далучыўся да Касцёлу Італіі, які 18 лістапада 2024 года правядзе Дзень малітвы за ахвяр злоўжыванняў. “Кожнае злоўжыванне – гэта здрада даверу, здрада жыццю! Неабходна маліцца, каб аднавіць давер", - сказаў Папа.

Францішак нагадаў таксама пра Сусветны дзень рыбнай гаспадаркі, падчас якога асаблівыя малітвы будуць узносіцца за рыбакоў і іх сем'і.

Напрыканцы звароту Папа заклікаў вернікаў маліцца аб спыненні войнаў у змучанай Украіне, Палесціне, Ізраілі, Ліване, М'янме і Судане. “Вайна робіць людзей бесчалавечнымі, прымушае мірыцца з непрымальнымі злачынствамі. Няхай кіраўнікі дзяржаў пачуюць голас народаў, якія прагнуць міру”, - сказаў Святы Айцец.

17 лістапада 2024, 13:32