ҽ

Арцыбіскуп Даменіка Баталья Арцыбіскуп Даменіка Баталья  

Пантыфік дадаў да спіса новых кардыналаў арцыбіскупа Неапаля

Сярод 21 іерарха, які атрымае кардынальскую годнасць на Кансісторыі 7 снежня 2024 года, будзе арцыбіскуп Неапаля, мансеньёр Даменіка Баталья. Папа ўключыў яго ў спіс кардыналаў пасля адмовы інданезійскага біскупа Паcкаліса Бруна Сюкура.

Марыя Валодзіна - Pope

Па словах арцыбіскупа Батальі, прызначэнне “заспела яго знянацку”. Ён падкрэсліў, што адчувае цяжар адказнасці і падзякаваў за тое, што для гэтай высокай пасады Францішак абраў прадстаўніка Поўдня Італіі. " Я лічу сваім абавязкам несці з сабой радасці і надзеі, трывогі і пакуты людзей, асабліва бедных і тых, хто пакутуе на нашым Поўдні і на ўсіх поўднях свету, не толькі геаграфічных, але і экзістэнцыяльных”, - сказаў кардынал-намінант, падкрэсліўшы, што для яго важна заставацца побач з простымі людзьмі. Ён адзначыў, што быць кардыналам – гэта найперш адказнасць, абавязак служыць людзям, а не прывілей.

61-гадовы Даменіка Баталья – ураджэнец італьянскага рэгіёна Калабрыя. Філасофска-тэалагічную адукацыю атрымаў у духоўнай семінарыі ў Катандзара. Быў пасвечаны ў святары ў 1988 годзе, а ў 2016 годзе прызначаны біскупам Чэрэта-Саніта – Тэлезэ – Сант’Агата-дэ-Гоці, у правінцыі Беневента, дзе вёў актыўную сацыяльную працу з нарказалежнымі людзьмі і моладдзю, якая апынулася ў складаных сітуацыях. Са снежня 2020 года займае пасаду арцыбіскупа Неапаля.

7 снежня 2024 года Францішак у дзясяты раз правядзе Кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў. У спіс уваходзяць прадстаўнікі розных кантынентаў: 11 еўрапейцаў, з якіх 5 італьянцаў; 6 іерархаў з амерыканскага кантынента, у тым ліку 5 паўднёваамерыканцаў, 3 азіята і 1 афрыканец. Агульная колькасць кардыналаў у Калегіі складзе 256 чалавек, з якіх 141 – выбаршчыкі.

05 лістапада 2024, 10:23