ҽ

Пантыфік: бібліятэкі павінны быць аазісамі сустрэч і міру

На сутыкненне цывілізацый і знішчэнне памяці адказваць клопатам пра культуру заклікаў Францішак прадстаўнікоў вядучых бібліятэк свету, якіх 16 лістапада 2024 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане

Марыя Валодзіна - Pope

У сваёй прамове Святы Айцец падкрэсліў небяспеку таго, што фрагментарная сусветная вайна, якую мы зараз перажываем, можа замарудзіць культурны прагрэс: дарагая зброя скрадзе сродкі, неабходныя для развіцця культуры, канфлікты не дазволяць студэнтам вучыцца і весці даследаванні, знішчаць школы, універсітэты і адукацыйныя праекты. “Вайна разбурае ўсё”, - сказаў Святы Айцец.

Быць аазісамі сустрэч

Звяртаючыся да прадстаўнікоў 23 прэстыжных бібліятэк розных краін свету, якія сабраліся ў Ватыкане на канферэнцыі Conservata et perlecta aliis tradere. Бібліятэкі ў дыялогу, Папа адзначыў, што шматлікія культурныя ўстановы "аказваюцца безабароннымі перад гвалтам войнаў і рабаванняў". Ён заклікаў супрацьстаяць сутыкненню цывілізацый, ідэалагічнаму каланіялізму і знішчэнню памяці з дапамогай клопату пра культуру.

Святы Айцец падкрэсліў важную ролю бібліятэкараў не толькі ў захаванні гістарычнай спадчыны, але і ў распаўсюджванні ведаў, пераадоленні віртуальных бар’ераў. “Я заклікаю вас працягваць працу па ператварэнні вашых устаноў у месцы міру, аазісы сустрэч і свабоднай дыскусіі”, - сказаў ён.

У якасці прыкладу Францішак прывёў дзейнасць свайго папярэдніка Пія XI, вядомага як Папа-бібліятэкар, які ўзначальваў спачатку Амбразіянскую бібліятэку ў Мілане, а потым Ватыканскую апостальскую бібліятэку. Гэты Пантыфік падтрымліваў развіццё бібліятэк “у надзвычай складаны гістарычны перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі”. Пад яго кіраўніцтвам Ватыканская бібліятэка стала бяспечным прытулкам для многіх навукоўцаў, у тым ліку тых, каго пераследвалі таталітарныя рэжымы, супраць якіх ён заўсёды рашуча выступаў. Дзейнасць Пія XI стала ўзорам знаходлівасці, мужнасці і канкрэтнасці. Яна і сёння можа натхніць нас на вырашэнне культурных і сацыяльных праблем, з якімі мы сутыкаемся, лічыць Святы Айцец.

Чатыры прынцыпы

Францішак нагадаў, што прасіў арцыбіскупа Анджэла Вінчэнца Дзані, Архіварыуса і Бібліятэкара Святога Рымскага Касцёла зрабіць Апостальскую бібліятэку адкрытай. Ён вызначыў чатыры важныя прынцыпы, якія, згодна з Апостальскай адгартацыяй Evangelii gaudium, дапамогуць бібліятэкам стаць месцамі сустрэчы. Першы прынцып – “час больш важны за прастору”. Ён павінен дапамагчы бібліятэкам стаць месцамі, дзе людзі змогуць мець час для разважанняў, весці працяглыя даследаванні, спрыяць росту новага гуманізму. Другі прынцып патрабуе, каб “адзінства пераважала над канфліктам”. Трэці прынцып сцвярджае прымат рэчаіснасці: “рэальнасць больш важная за ідэю”. Чацвёрты прынцып: “паўната перавышае частку”. "Мы пакліканы гарманізаваць напружанасць паміж лакальным і глабальным, памятаючы, што ніхто не ізаляваны, кожны чалавек – частка сацыяльных сетак і адносін, да якіх варта ставіцца з адказнасцю", - заключыў Папа.

16 лістапада 2024, 12:02