Сінод абраў новы склад Звычайнай рады
Аляксандр Панчанка - Pope
Звычайная Рада Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў будзе складацца з сямнаццаці чалавек. Удзельнікі сходу выбралі дванаццаць членаў, якія паходзяць з розных геаграфічных абшараў. Сярод іх па адным прадстаўніку ад Усходніх Цэркваў і Акіяніі, і па два прадстаўнікі ад Паўночнай Амерыкі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы, Афрыкі і Азіі.
Членам Рады ад Усходніх Цэркваў стаў старшыня Сінода Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Патрыярх Антыяхійскі Юсуф Абсі з Сірыі; ад Акіяніі –арцыбіскуп Перта Цімаці Джон Кастэла з Аўстраліі, ад Паўночнай Амерыкі – біскуп Браўнсвіла Даніэль Эрнэст Флорэс з ЗША і біскуп Валіфілда Алэн Фабэр з Канады; ад Лацінскай Амерыкі – арцыбіскуп Багаты, кардынал Луіс Хасэ Руэда Апарысіа з Калумбіі і арцыбіскуп Маракайбы Хасэ Луіс Азуахе Аяла з Венесуэлы; ад Еўропы – арцыбіскуп Марселя, кардынал Жан-Марк Авелін з Францыі і арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас з Літвы; ад Афрыкі – арцыбіскуп Бангі, кардынал Д’еданэ Нзапалаінга з Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі і арцыбіскуп Баменды Эндру Нкеа Фуанья з Камеруна; ад Азіі – арцыбіскуп Гоа і Дамана, кардынал Філіпэ Нэры Антоніу Себасцьяну ду Разарыа Ферану з Індыі і біскуп Калаакана, кардынал-намінант Пабла Віргіліё Сіёнгка Давід з Філіпін.
У склад групы будуць уключаны таксама чатыры члены, прызначаныя асабіста Святым Айцом, і кіраўнік дыкастэрыі Рымскай курыі, у кампетэнцыі якой будзе тэма наступнага Сінода.
Мэта Звычайнай Рады Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў заключаецца ў падрыхтоўцы наступнай Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, разглядзе прапаноў, прынятых на Сінодзе, дапамозе ў іх рэалізацыі, а таксама ў вырашэнні іншых пытанняў, якія можа даручыць Пантыфік. Члены Рады прыступяць да выканання сваіх абавязкаў па завяршэнні Звычайнай Асамблеі, на якой былі выбраны.