ҽ

Кардынал Рэтана Рафаэле Марціна Кардынал Рэтана Рафаэле Марціна 

Святы Айцец: кардынал Марціна нястомна спрыяў дыялогу і згодзе

Францішак запэўніў у малітве аб вечным супакоі для італьянскага кардынала Рэната Рафаэле Марціна. Іерарх памёр 28 кастрычніка 2024 года ў Рыме ў 91-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Успамінаючы гэтага руплівага пастыра, які служыў Евангеллю і Касцёлу, я з удзячнасцю думаю пра яго доўгае і стараннае супрацоўніцтва з маімі папярэднікамі ў якасці Апостальскага нунцыя ў некаторых азіяцкіх краінах і асабліва пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе ён не шкадаваў сіл, каб сведчыць пра бацькоўскі клопат Папы аб лёсе чалавецтва, а потым у якасці старшыні Папскай рады Iustitia et pax. На розных пасадах, давераных яму, ён дзейнічаў з вялікім запалам дзеля дабра народаў, нястомна спрыяючы дыялогу і згодзе”, - падкрэсліў Францішак у спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя Марчэла Марціна, брата спачылага кардынала.

Папа выказаў сваю духоўную блізкасць усёй сям’і памерлага іерарха, а таксама супольнасці архідыяцэзіі Салерна-Кампанья-Ачэрна, з якой ён паходзіў і ў якой пачынаў свой святарскі шлях.

Кардынал Рэната Рафаэле Марціна быў блізкім супрацоўнікам святога Яна Паўла ІІ. Перад тым як стаць нунцыем ён працаваў на дыпламатычных пляцоўках Святога Пасаду ў Нікарагуа, на Філіпінах, у Ліване і Бразіліі. У 1980 годзе быў прызначаны дыпламатычным прадстаўніком Папы ў Тайландзе, Сінгапуры, Лаосе і Малайзіі. З 1986 па 2002 – Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку.

У 2002 годзе іерарх узначаліў Папскую раду Іustitia et pax і курыраваў падрыхтоўку Кампендыя сацыяльнага вучэння Касцёла, які быў выдадзены ў 2005 годзе. У 2003 годзе стаў кардыналам, а ў 2006 годзе – таксама старшынёй Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў. Бэнэдыкт XVI прыняў яго просьбу аб адстаўцы з кіраўнічых пасад у 2009 годзе, у сувязі з дасягненнем іерархам пенсійнага ўзросту.

Пасля смерці кардынала Рэната Рафаэле Марціна Калегія кардыналаў налічвае 232 члены, з якіх 121 з правам голасу на канклаве і 111 без права выбару Папы.

29 кастрычніка 2024, 11:36