ҽ

Папа атлетам: стварайце больш братэрскі свет і праслаўляйце Творцу

Абапірацца на такія спартыўныя каштоўнасці, як пастаянства, шчырасць, сяброўства і салідарнасць, заахвоціў Пантыфік дэлегацыю Федэрацыі лыжнага спорту Аўстрыі, якую 10 кастрычніка 2024 года прыняў у Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Pope

Аўдыенцыя адбылася з нагоды Чэмпіянату свету па гарналыжным спорце, які з 4 па 16 лютага 2025 года пройдзе ў Заальбах-Хінтэрглеме ў аўстрыйскіх Альпах.

“Ваша Радзіма, багатая велічнымі гарамі, прапануе выдатныя магчымасці для заняткаў горнымі відамі спорту. Федэрацыя лыжнага спорту Аўстрыі (Ski Austria), заснаваная ў 1905 годзе, імкнецца спрыяць развіццю лыжнага спорту на нацыянальным узроўні, прасоўваць атлетаў і іх выключныя вынікі”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак заклікаў атлетаў заўсёды памятаць пра такія ўласцівыя спорту каштоўнасці, як пастаянства, шчырасць, сяброўства і салідарнасць. “Такім чынам, вы ўносіце свой уклад у стварэнне больш братэрскага свету, – таму што спорт спрыяе братэрству –, каб спяваць на фоне цудоўнай прыроды вашай краіны гімн хвалы Творцу", - заўважыў ён.

"Няхай Пан заўсёды суправаджае вас, а Анёлы Ахоўнікі абараняюць ад небяспекі”, - сказаў Пантыфік, дадаючы па-нямецку: “Я малюся за вас, а вы маліцеся за мяне. Гэтая праца няпростая! Вялікі дзякуй!”

10 кастрычніка 2024, 11:31