Пантыфік да пасіяністаў: кожны мае патрэбу ў святле Евангелля
Марыя Валодзіна - Pope
Пантыфік заклікаў супольнасць пасіяністаў абнавіць місіянерскую энергію, асабліва з набліжэннем Юбілею. Ён пажадаў кангрэгацыі накіраваць місіянерскія намаганні на тое, каб “ахапіць як мага большую колькасць людзей, паколькі кожны, без выключэння, мае патрэбу ў святле Евангелля”. Папа параіў гасцям, не адмаўляючыся ад традыцыйных метадаў душпастырства, знайсці таксама і новыя шляхі для сустрэчы людзей з Панам: выйсці на вуліцы, плошчы і завулкі свету, каб дзяліцца радасцю веры. ()
Францішак падкрэсліў, што такая місія можа быць эфектыўнай толькі ў тым выпадку, калі вынікае з паўнаты любові да Бога і чалавецтва, адчутай у кантэмплятыўным жыцці, братэрскіх адносінах і ўзаемнай падтрымцы. “Неабходна пастаяннае ўкараненне ў малітве і Слове Божым”, - нагадаў ён.
Асаблівую ўвагу Папа надаў захаванню харызмы святога Паўла ад Крыжа, заснавальніка ордэна пасіяністаў, які разумеў смерць Укрыжаванага Езуса як найвышэйшую праяву Божай любові. Гэтая любоў – крыніца моцы для пераадолення болю. Заснавальнік пасіяністаў адчуваў, што чалавецтва не ў поўнай меры ўсведамляе гэтую любоў, таму заклікаў абвяшчаць яе свету.
Францішак звярнуў увагу на актуальнасць гэтай місіі ў сённяшнім свеце, дзе па-ранейшаму пануюць беднасць, войны і пакуты. Ён заклікаў супольнасць рабіць усё магчымае, каб боль і пакуты не былі марнымі, бо ў іх прысутнічае Хрыстус, які надае сэнс усяму чалавечаму болю і адчаю.
Святы Айцец закрануў таксама тэму надзеі, якая цесна звязана з харызмай кангрэгацыі пасіяністаў. Надзея нараджаецца з пераканання, што смерць і ўваскрасенне Хрыста – гэта перамога жыцця і любові, што “пасля смерці жыццё працягваецца, а любоў выліваецца на чалавецтва праз дар Святога Духа”. “Калі нішто не можа заглушыць ў чалавеку здольнасць любіць, то нішто не страчана”, ніводная сітуацыя не з'яўляецца безнадзейнай. “На гэтай упэўненасці веры грунтуецца надзея”, - адзначыў Папа.
Напрыканцы прамовы Пантыфік прывёў у прыклад Панну Марыю, якая сваёй верай і служэннем пацвердзіла важнасць распаўсюджвання навіны аб збаўленні. Ён заклікаў пасіяністаў, як Марыя, спяшацца не ў часе (krónos), а ў любові (kairós), каб несці дапамогу бедным, хворым і ўсім, хто мае ў ёй патрэбу.
“Няхай Бог благаславіць кожнага з вас, вашу кангрэгацыю і вашу місію!” - завяршыў прамову Францішак.