Святы Айцец заклікаў моладзь быць прыладамі міру
Аляксандр Панчанка - Pope
Пантыфік заўважыў, што патрэба ў прыладах міру з’яўляецца тэрміновай у цяперашні час, пазначаны войнамі і гібеллю мноства дзяцей, пажылых і моладзі, мужчын і жанчын. “Без міру няма жыцця, а ёсць толькі смерць і разбурэнне”, - дадаў ён.
Францішак адзначыў, што існуе тры надзейныя шляхі, каб стаць прыладамі міру. У першую чаргу – трэба напоўніць штодзённасць жэстамі міру. Ён заклікаў моладзь натхняцца прыкладам благаслаўлёнага Джэрарда Саса, заснавальніка і першага Вялікага магістра Мальтыйскага рыцарскага ордэна, які нарадзіўся ў Скале.
“У эпоху ваенных канфліктаў, каля 1100 года ён стварыў у Іерусаліме першы міжрэлігійны шпіталь. Таксама і вы, па яго прыкладзе, можаце будаваць масты сяброўства і ўзаемнай салідарнасці. Асвячайце кожную гадзіну вашага дня здзяйсненнем жэстаў міру: жэстаў служэння, ласкавасці і прабачэння”, - заклікаў Папа.
Другая парада Святога Айца тычылася шчырай малітвы за мір. “Калі мы адчуваем сябе бяссільнымі перад трагедыяй сусветных падзей, давайце будзем памятаць, што “Для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1,37). У нас ёсць вельмі эфектыўная зброя – малітва! Будзем жа карыстацца ёй! Давайце будзем больш маліцца за мір, каб ён наступіў як мага хутчэй. Давайце прасіць аб ім з верай і даверам. Возьмем на сябе абавязак штодзённай асабістай малітвы за мір”, - сказаў Папа, заклікаючы таксама да практыкавання супольнай эўхарыстычнай адарацыі ў інтэнцыі міру.
У якасці трэцяй парады Пантыфік прапанаваў моладзі “жыць як пілігрымы надзеі”. “Не стамляйцеся марыць пра справядлівы мір і братэрства, бо гэта таксама мара Нябеснага Айца: каб яго дзеці былі з’яднанымі і шчаслівымі, і прызнавалі сябе братамі. Глядзіце далей за ноч! Не скарайцеся перад думкай, што вайна можа вырашыць праблемы і прывесці да міру. Вайна – гэта заўсёды паражэнне, ганебная капітуляцыя перад сіламі зла”, - сказаў ён, заклікаючы памятаць пра ўсіх ахвяр войнаў.