ҽ

Папскі візіт ветлівасці да прэзідэнта Усходняга Тымора

Адной з цэнтральных падзей візіту Францішка ва Усходні Тымор стала яго сустрэча з прэзідэнтам Жазэ Мануэлем Рамушам-Ортай у Прэзідэнцкім палацы імя Нікалау Лабату.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Прэзідэнцкі палац, названы ў гонар нацыянальнага героя і былога прэзідэнта Нікалау душ Рэйш Лабату, размешчаны ў цэнтры Дзілі. Ён быў урачыста адкрыты 27 жніўня 2009 года і служыць афіцыйным месцам працы лідара дзяржавы. Двухпавярховы будынак у форме літары U спалучае ў сабе элементы сучаснай і традыцыйнай архітэктуры.

9 верасня 2024 года каля 11.00 па мясцовым часе Пантыфіка сустрэлі ля ўваходу ў Прэзідэнцкі палац, дзе адбылася цырымонія прывітання. У яе межах прагучалі дзяржаўныя гімны, былі ўзняты сцягі і дадзены 21 гарматны залп. Асаблівым момантам стала сустрэча Францішка з дзецьмі ў традыцыйных строях, тры з якіх уручылі яму кветкі і традыцыйны шалік таіс.

Пасля цырымоніі Папа Францішак і прэзідэнт Рамуш-Орта накіраваліся для прыватнай сустрэчы. У гэты ж час вышэйшыя прадстаўнікі ватыканскага Дзяржаўнага сакратарыята сустрэліся з прэм'ер-міністрам краіны.

Падчас візіту ветлівасці Святы Айцец пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей, прайшла афіцыйная фотасесія. Таксама адбылося прадстаўленне сям'і прэзідэнта.

Жазэ Мануэль Рамуш-Орта, які нарадзіўся ў Дзілі ў 1949 годзе, з'яўляецца выбітным палітычным дзеячам Усходняга Тымора. Ён правёў 24 гады ў выгнанні, змагаючыся за незалежнасць сваёй краіны. У 1996 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Пасля вяртання на Радзіму ў 1999 годзе палітык займаў пасады міністра замежных спраў і прэм'ер-міністра, а ў 2007 годзе яго ўпершыню абралі прэзідэнтам. У красавіку 2022 года ён быў пераабраны на другі тэрмін з пераканаўчай перамогай.

Візіт Пантыфіка ва Усходні Тымор з'яўляецца важнай падзеяй для маладой дэмакратычнай дзяржавы.
 

09 верасня 2024, 11:30