ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец атрымаў у падарунак новы інвалідны вазок – белы

Францішак атрымаў новы інвалідны вазок, спецыяльна распрацаваны для яго. Ён – лёгкі, рэгуляваны і пакрыты тканінай, якую можна мыць. Галоўная яго асаблівасць – белы колер, які, па словах прафесара Клаўдзіа Тэрыці, "значна лепш пасуе да папскай сутаны".

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Вазок быў створаны ў артапедычнай майстэрні ў Фразінонэ камандай з васьмі артапедыстаў і тэхнікаў. Пры яго распрацоўцы ўлічваліся фізічныя абмежаванні Папы, у тым ліку праблемы з каленам.

Доктар Алесандра Казінэлі, адзін з удзельнікаў праекта, адзначыў: "Гэта інвалідны вазок апошняга пакалення. Гаворка ідзе пра лёгкую алюмініевую канструкцыю, пакрытую скурай і тканінай, якую можна мыць, і ён цалкам белага колеру".

Каманда распрацоўшчыкаў імкнулася стварыць артапедычны сродак, які б не толькі паляпшаў мабільнасць, але і быў як мага менш заўважным па колеры і форме. Таму і быў абраны белы колер, які лепш спалучаецца з папскай сутанай.

Новы вазок быў прадстаўлены Святому Айцу падчас агульнай аўдыенцыі ў Зале Паўла VI. Францішак падзякаваў ахвярадаўцам, але пакуль невядома, ці пачне ён карыстацца новым вазком.
 

16 жніўня 2024, 09:33