Святы Айцец: чытаць Евангелле і слухаць, што кажа Езус
У свята Перамянення Пана, якое адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 5 жніўня 2024 года, Францішак нагадаў пра важнасць слухання Езуса, што можна рабіць, чытаючы Евангелле.
Аляксандр Панчанка - Pope
“Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце!” (Мц 17,5). У гэтым заключаецца сакрэт: слухаць Езуса. Вазьміце Евангелле і прачытайце, што кажа Езус, што прамаўляе да вашага сэрца. Ён мае слова вечнага жыцця”, - напісаў Францішак у сацыяльнай сетцы Х, суправадзіўшы сваё кароткае пасланне хэштэгам #ПерамяненнеПана.
Святы Айцец спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля святога Мацвея, у якім расказваецца як Езус Хрыстус перамяніўся падчас малітвы на гары Табор у прысутнасці трох сваіх вучняў – Пятра, Якуба і Яна. Аблічча Пана ззяла як сонца, а адзенне стала белае, як святло, а потым апосталаў агарнула воблака і яны пачулі голас Нябеснага Айца, які заклікаў слухаць Яго Сына.
06 жніўня 2024, 13:30