ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: смяротнае пакаранне – атрута для грамадства

Смяротнае пакаранне, далёкае ад правасуддзя, сілкуе пачуцце помсты, якое ператвараецца ў небяспечную атруту для арганізма нашых цывілізаваных грамадстваў, - нагадаў Папа Францішак.

Аляксандр Панчанка - Pope

Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі Хрысціянін у камеры смяротнікаў. Маё служэнне побач з асуджанымі. Яе аўтар – 72-гадовы Дэйл Расінэла, у мінулым паспяховы юрыст з Уол-Стрыт, які з 1998 года разам са сваёй жонкай духоўна падтрымлівае асуджаных на смерць у турмах Фларыды ў якасці свецкага капелана. Кніга выйшла ў Ватыканскім выдавецтве. 27 жніўня 2024 года яна з’явіцца на паліцах кнігарняў.

На старонках выдання Расінэла расказвае пра сваё служэнне ў камерах смяротнікаў, да якога прыйшоў пасля сустрэчы з Хрыстом. “Я ўжо неаднаразова казаў, што смяротнае пакаранне не вырашае праблему насілля, што пагражае нявінным людзям. Экзекуцыі, далёкія ад правасуддзя, сілкуюць пачуцце помсты, якое ператвараецца ў небяспечную атруту для арганізма нашых цывілізаваных грамадстваў. Дзяржавы павінны дбаць пра тое, каб даць зняволеным шанс па-сапраўднаму змяніць сваё жыццё, а не ўкладаць грошы і рэсурсы ў іх падаўленне, як быццам яны чалавечыя істоты, больш не вартыя жыцця і ад якіх трэба выбавіцца”, - напісаў Папа.

Францішак заўважыў, што служэнне Дэйла Расінэлы і яго жонкі – гэта вялікі дар для Касцёла і грамадства ў ЗША, бо сведчыць пра бясконцасць Божай міласэрнасці. “Мы ніколі не павінны думаць, што нейкі грэх, нейкая памылка, нейкі ўчынак могуць канчаткова аддаліць нас ад Пана: Яго сэрца ўжо ўкрыжавана за нас і Бог можа толькі прабачыць нас”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што бясконцая Божая міласэрнасць можа стаць прычынай абурэння для людзей, як гэта было ў часы Езуса, калі Божы Сын еў разам з грэшнікамі і распусніцамі.

“Брату Дэйлу самому даводзілася сутыкацца з крытыкай, адгаворамі і непрыяззю з-за яго духоўнага клопату пра асуджаных. Але хіба не праўда, што Езус адкрыў свае абдымкі для злодзея, асуджанага на смерць. Дэйл Рэсінэла па-сапраўднаму зразумеў і сведчыць сваім жыццём, кожны раз праходзячы праз дзверы турмы, асабліва той, якую называе “домам смерці”, што Божая любоў бязмежная і бязмерная. І што нават самыя агідныя грахі не знявечваюць нашу тоеснасць у вачах Бога: мы застаёмся Яго дзецьмі, якіх Ён любіць, атуляе і лічыць каштоўнымі”, - дадаў Папа.

Святы Айцец выказаў падзяку аўтару кнігі за яго служэнне, якое назваў прыкладам наследавання самай глыбокай евангельскай рысы – міласэрнасці Бога, Яго свабоднай і нязменнай любові да кожнага чалавека, нават да тых, хто ўчыніў зло. Папа адзначыў, што менавіта дзякуючы погляду з любоўю, падобнаму на погляд Хрыста на крыжы, людзі могуць знайсці новы сэнс свайго жыцця, а таксама смерці.
 

18 жніўня 2024, 08:52