ҽ

Анёл Панскі: рабіць кожную рэч прыладай любові

Матэрыяльныя даброты не напаўняюць жыццё, гэта можа зрабіць толькі любоў, нагадаў Пантыфік перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 4 жніўня 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Pope

Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак пра Езуса, які пасля цуду размнажэння хлеба і рыбы запрасіў натоўп задумацца над сэнсам таго, што адбылося (пар. Ян 6, 24-35).

Людзі насыціліся дзякуючы шчодрасці і мужнасці хлопца, які падзяліўся з імі тым, што ў яго было (пар. Ян 6, 1-13). “Гэта быў ясны знак: калі кожны чалавек будзе аддаваць іншым тое, што ў яго ёсць, з Божай дапамогай, хай нават няшмат, кожны атрымае нешта”, - сказаў Папа.

Але людзі гэтага не зразумелі. Яны прынялі Езуса за свайго роду штукара і вярнуліся, спадзеючыся, што Ён паўторыць цуд, як быццам гэта быў нейкі спрытны трук, фокус. Яны не ўсведомілі значэння гэтага досведу, іх увага была засяроджана толькі на хлебе і рыбе, на матэрыяльнай ежы, якая адразу ж скончылася. “Яны не зразумелі, што гэта была ўсяго толькі прылада, з дапамогай якой Айцец, спатоліўшы іх голад, адкрыў ім нешта значна больш важнае: лад жыцця, які доўжыцца вечна, і смак хлеба, які насычае звыш усякай меры”, - заўважыў Пантыфік, нагадаўшы, што сапраўдным хлебам быў і застаецца Езус, “які прыйшоў падзяліць нашу беднасць, каб правесці нас праз яе да радасці поўнай еднасці з Богам і братамі (пар. Ян 3,16)”.

Матэрыяльныя даброты не напаўняюць жыццё, гэта можа зрабіць толькі любоў (пар. Ян 6, 35). “А каб гэта адбылося, трэба ісці шляхам міласэрнасці, якая нічога не пакідае сабе, а дзеліцца ўсім”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Хіба не так бывае і ў нашых сем'ях? Падумайце пра бацькоў, якія з усіх сіл спрабуюць добра выхаваць дзяцей і пакінуць ім нешта на будучыню. Як добра, калі іх пасланне даходзіць да дзяцей, і яны вырастаюць удзячнымі і спачуваюць адзін аднаму як браты і сёстры! І як сумна, калі яны сварацца з-за спадчыны і, магчыма, гадамі не размаўляюць адзін з адным! Пасланне таты і мамы, іх самая каштоўная спадчына, – гэта не грошы, а любоў, з якой яны аддаюць дзецям усё, што ў іх ёсць, гэтак жа, як Бог робіць для нас, такім чынам яны вучаць нас любіць”, - нагадаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў спытаць сябе: як я стаўлюся да матэрыяльных рэчаў? Ці з'яўляюся я іх рабом або выкарыстоўваю іх свабодна, як прыладу для таго, каб дарыць і атрымліваць любоў? Ці магу я сказаць дзякуй Богу і братам за атрыманыя дары і падзяліцца імі з іншымі?”

Папа заклікаў Марыю, якая прысвяціла ўсё сваё жыццё Езусу, “навучыць нас рабіць кожную рэч прыладай любові”.

04 жніўня 2024, 12:07

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >