Святы Айцец законніцам: заставайцеся вернымі ў любові
Аляксандр Панчанка - Pope
6 чэрвеня 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельніц генеральных капітулаў двух жаночых манаскіх супольнасцей: Сясцёр Святога Фелікса з Канталічэ і Дачок Маці Божай Міласэрнасці. Святы Айцец заўважыў, што гэтыя кангрэгацыі аб’ядноўвае місія служэння і ўзнікненне ў XIX стагоддзі.
Мужнае служэнне падчас паўстання
Сёстры Святога Фелікса з Канталічэ былі заснаваны ў 1855 годзе ў Варшаве благаслаўлёнай Зоф’яй Камілай Трушкоўскай, якая прыняла манаскае імя Марыі Ангелы. Законніцы з гэтай супольнасці займаліся служэннем дзецям, інвалідам і моладзі з зоны рызыкі. Падчас Паўстання 1863-1864 гадоў манахіні ў сваіх кляштарах клапаціліся пра параненых з абодвух бакоў. Пасля яго падаўлення расійскія ўлады абвінавацілі законніц у дапамозе паўстанцам і забаранілі дзейнасць іх кангрэгацыі. Аднак, пазней, дзякуючы Божаму Провіду і мужнай самаахвярнасці, супольнасць адрадзілася і распаўсюдзіла сваю дзейнасць нават за акіян, служачы польскім эмігрантам у Амерыцы. З таго часу яна прысутнічае ў многіх частках свету, - нагадаў Папа.
Структуры – гэта не самае важнае
Пантыфік заўважыў, што адраджэнне кангрэгацыі пасля касацыі з’яўляецца важным знакам для законніц, асабліва падчас правядзення капітула. “Гэта знак, які заклікае вас не баяцца страціць бяспеку, якую даюць структуры і ўстановы, але заставацца вернымі ў любові! І вам будзе карысна памятаць падчас вашых сустрэч, што структуры – гэта не самае важнае: яны толькі сродак. Самае важнае – гэта любоў да Бога і бліжняга, якая выяўляецца з шчодрасцю і свабодай”, - сцвердзіў Францішак.
Асабістая ўдзячнасць Папы
Звяртаючыся да манахінь з кангрэгацыі Дачок Маці Божай Міласэрнасці, Папа нагадаў, што гэта супольнасць узнікла ў той жа самы гістарычны перыяд у Італіі для служэння бедным, дзецям і маладым жанчынам. Яна была заснавана святой Бэнэдэтай Расэлай, якая паходзіла з заможнай сям’і, але адмовілася ад спадчыны і стала законніцай, прыняўшы манаскае імя Марыя Джузэпа. Францішак расказаў, што менавіта ў школе, якая належыць гэтай кангрэгацыі ў Буэнас-Айрэсе, ён атрымаў сакрамэнты хрысціянскай ініцыяцыі. “Таму я дзякую Пану і ўсім вам, бо маё сённяшняе служэнне Касцёлу з’яўляецца таксама плёнам дабра, якое я атрымаў у дзяцінстве ад вашай манаскай сям’і”, - сказаў Пантыфік.