ҽ

Святы Айцец: хай у Юбілейны год Рым будзе гасцінным і шчодрым

Працягваць дэманстраваць сапраўдны твар Рыма: ветлівы, гасцінны, шчодры і высакародны, пажадаў Папа 10 чэрвеня 2024 года падчас свайго візіту ў рымскую мэрыю.

Марыя Валодзіна - Pope

Наведваючы сядзібу рымскай гарадской адміністрацыі на Капіталійскім пагорку, Францішак пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей, абмяняўся падарункамі з мэрам Рабэрта Гвальцьеры і звярнуўся з прамовай да прадстаўнікоў гарадскіх уладаў.

Святы Айцец выказаў падзяку мэру, адміністрацыі і ўсім грамадзянам Рыма за цёплы прыём. Ён падкрэсліў, што адчувае ўдзячнасць і радасць пры вяртанні ў мэрыю Рыма – “горада, які амаль з моманту свайго нараджэння, каля 2800 гадоў таму, меў дакладнае і пастаяннае пакліканне да ўніверсальнасці”. Для хрысціян гэтая роля не з’яўляецца плёнам выпадку, а ўяўляе сабой правідчую задуму, адзначыў Папа.

Спадчына старажытнага Рыма

Францішак назваў старажытны Рым “маяком цывілізацыі”, прыкладам стабільнасці і бяспекі. “Развіццё права і арганізатарскія здольнасці”, а таксама моцныя, трывалыя інстытуты, дазволілі гораду прымаць людзей з усяго свету і інтэграваць іх у сваё грамадзянскае і сацыяльнае жыццё.

Уплыў хрысціянства

Папа падкрэсліў, што, нягледзячы на “добрыя каштоўнасці” старажытнарымскай культуры, гэтая цывілізацыя мела патрэбу ў больш глыбокім пасланні братэрства, любові, надзеі і збаўлення, прынесенага хрысціянствам. Імкненне пачуць новыя словы, словы вечнага жыцця, прывяло да хуткага распаўсюджвання хрысціянскага паслання сярод рымскага грамадства, якое дасягнула піка свайго росквіту. “Алімпу больш было недастаткова, трэба было ісці на Галгофу і да пустой магілы Уваскрослага” у пошуку праўды, справядлівасці і любові, нагадаў Пантыфік.

Адмена рабства

Распаўсюджванне хрысціянства дазволіла інстытутам эвалюцыянаваць, “перайсці на больш высокую стадыю” развіцця, паступова адмаўляючыся, напрыклад, ад такой з'явы, як рабства, якое нават многія адукаваныя людзі лічылі натуральным. Гэты прыклад ярка дэманструе, што нават развітыя цывілізацыі могуць мець практыкі, якія настолькі ўкараняюцца ў менталітэце людзей і грамадства, што больш не ўспрымаюцца як нешта, што супярэчыць чалавечай годнасці. Папа звярнуў увагу на тое, што нават у нашы дні трэба быць пільнымі, пазбягаць прадузятасці і дыскрымінацыі пэўных катэгорый людзей.

Пакліканне да ўніверсальнасці

Святы Айцец паразважаў пра пераўтварэнне Рыма з горада цэзараў у горад Пап, які захаваў і пашырыў пакліканне да ўніверсальнасці. “Місія Касцёла не мае межаў на гэтай зямлі, таму што ён павінен несці Хрыста ўсім народам”, - нагадаў Францішак. Ён падкрэсліў важнасць прымірэння грамадзянскай улады Італіі і Святога Пасада, якое замацавала незалежнасць і суверэнітэт абедзвюх дзяржаў.

Пра ўніверсальнае пакліканне Рыма сведчаць таксама нядаўнія гістарычныя падзеі: Другі Ватыканскі Сабор, некалькі Юбілеяў, падпісанне Дамоў аб стварэнні ЕЭС і Міжнароднага крымінальнага суда, Алімпійскія гульні 1960 года, знаходжанне ў Рыме штаб-кватэр міжнародных арганізацый, напрыклад, ФАО.

Падрыхтоўка да Юбілею 2025 года

Будучы Юбілей носіць рэлігійны характар. Аднак гэтая падзея дае Рыму магчымасць палепшыць інфраструктуру і камунальныя паслугі, неабходныя для таго, каб вітаць не толькі пілігрымаў, але і турыстаў, якія прыязджаюць у Вечны горад, каб палюбавацца яго “велізарнай скарбніцай мастацтва і грандыёзнымі слядамі мінулых стагоддзяў”. Папа падкрэсліў неабходнасць супрацоўніцтва паміж муніцыпальнымі ўладамі Рыма і італьянскім урадам дзеля забеспячэння парадку і бяспекі пілігрымаў.

Святыя дзверы ў турме

Францішак заклікаў Рым быць прыкладам гасціннасці, міласэрнасці і служэння грамадству, асабліва самым слабым і апошнім: мігрантам, тым, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы, бедным, адзінокім, хворым, зняволеным. Ён абвясціў аб сваім намеры ў Юбілейны год адкрыць Святыя дзверы ў адной з рымскіх турмаў. "Я вырашыў адкрыць Святыя дзверы ў турме", - сказаў Папа.

Ён параіў разглядаць прыток пілігрымаў, турыстаў і мігрантаў не як цяжар, а як магчымасць для грамадскага, сацыяльнага, эканамічнага і культурнага развіцця.

Напрыканцы прамовы Пантыфік заклікаў Марыю Salus Populi Romani, дапамагчы гораду “заставацца нават у наш час маяком цывілізацыі і паслом міру”.

10 чэрвеня 2024, 12:08