ҽ

Францішак перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani Францішак перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani  (Vatican Media)

Пантыфік: будаваць мір можа той, хто мае яго ў сабе

Папа скіраваў ліст з нагоды 80-й гадавіны гістарычнай малітвы рымлян, якія прасілі Багародзіцу аб захаванні горада ад разбурэнняў Другой сусветнай вайны, абяцаючы вернасць Богу.

Аляксандр Панчанка - Pope

Францішак запэўніў у сваёй духоўнай еднасці супольнасць Рымскай дыяцэзіі, якая сёлета ўпершыню адзначае літургічны ўспамін Маці Божай Salus Populi Romani, згадваючы таксама пра гістарычнае абяцанне, якое рымскі народ разам з Папам Піем ХІІ склаў Багародзіцы 4 чэрвеня 1944 года, просячы захаваць горад ад разбурэнняў, якімі пагражала сутыкненне паміж нямецкімі і англа-амерыканскімі войскамі. Увечары таго самага дня саюзнікі ўвайшлі ў Вечны горад, не сустрэўшы ніякага супраціву.

Маці Божая – Збаўленне рымскага народа

“Шанаванне старажытнай іконы, якая захоўваецца ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, спрадвеку жыло ў сэрцах рымлян, якія звярталіся да Яе з мальбамі і просьбамі, асабліва падчас чумы, стыхійных бедстваў і войнаў”, - напісаў Папа. Ён нагадаў, што перад абразом праходзілі многія важныя падзеі рэлігійнага і грамадскага жыцця Рыма, “таму нядзіўна, што рымскі народ яшчэ раз вырашыў даверыцца Марыі Salus Populi Romani у той час калі Горад перажываў жах нацысцкага спусташэння”.

Не паддавацца логіцы зброі!

Пантыфік адзначыў, што ўспамін пра падзеі 80-гадовай даўніны падштурхоўвае да малітвы за загінулых у Другой сусветнай вайне, а таксама да новых разважанняў пра жудаснае бедства вайны. “Я думаю, у прыватнасці, пра змучаную Украіну, Палесціну, Ізраіль, Судан, М’янму, дзе ўсё яшчэ бразгае зброя і працягвае пралівацца чалавечая кроў. Гэтыя драмы закранаюць незлічоныя нявінныя ахвяры, крыкі жаху і пакут якіх грукаюць да сумлення кожнага: мы не можам і не павінны паддавацца логіцы зброі!”, - напісаў Святы Айцец.

Быць будаўнікамі прымірэння і сведкамі надзеі

Папа нагадаў пра актуальнасць пытання, якое Павел VI скіраваў у ААН у 1965 годзе: “Ці прыйдзе свет калі-небудзь да змены эгаістычнага і ваяўнічага менталітэту, які дагэтуль пазначаў большую частку яго гісторыі?”. Францішак пажадаў, каб яно падштурхоўвала ўсіх да канкрэтных дзеянняў на карысць міру ў свеце. “Мір – гэта Божы дар, які і сёння павінен знайсці сэрцы, гатовыя прыняць яго і станавіцца будаўнікамі прымірэння і сведкамі надзеі”, - дадаў ён.

Шчаслівыя міратворцы

Пантыфік выказаў пажаданне, каб ініцыятывы з нагоды 80-годдзя прысвячэння горада абароне Багародзіцы, паспрыялі адраджэнню ў рымлян гатоўнасці быць будаўнікамі сапраўднага міру, прасоўваючы братэрства, як неабходную ўмову для ўрэгулявання канфліктаў і пераадолення варожасці. “Будаўніком міра можа быць той, хто мае яго ў сабе, і хто, з адвагай і лагоднасцю намагаецца ствараць сувязі, наладжваць адносіны між людзьмі, залагоджваць напружанасць у сям’і, на працы, на месцы вучобы, сярод сяброў. Такім чынам рэалізуецца евангельскае благаслаўленне: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названы будуць”, - падкрэсліў Папа.

Напрыканцы паслання Святы Айцец даручыў усіх жыхароў Рыма матчынаму заступніцтву Багародзіцы. “Няхай Яна, Маці пяшчоты і суцяшэння, умацуе веру, надзею і любоў, каб выпраменьваць у свет Божую любоў і міласэрнасць”, - напісаў Францішак.
 

04 чэрвеня 2024, 18:30