Папа прыняў нямецкамоўных святароў – ахвяр злоўжыванняў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Сустрэча 25 чэрвеня 2024 года раніцай у Доме святой Марты, рэзідэнцыі Францішка ў Ватыкане, прайшла ў “асаблівай атмасферы”. “Як святары, якія самі пацярпелі ад злоўжыванняў, мы знаходзімся ў цяжкім становішчы ў Касцёле. У ідэале мы павінны быць нябачныя, таму што ўвесь час нагадваем пра гэта нашым калегам. У Германіі людзі дзясяткамі тысяч пакідаюць Касцёл праз гэта. І мы ўвесь час гаворым людзям, што праблема не вычарпаная”, - патлумачыў у інтэрв’ю Pope ксёндз Людгер Готшліх з архідыяцэзіі Падэрборн, які стаў ахвярай дамагання з боку святара ва ўзросце адзінаццаці гадоў.
Ён прызнаўся, што размова з Пантыфікам была вельмі даверлівай. “Францішак паказаў сябе вельмі зацікаўленым, вельмі адкрытым, але таксама вельмі падбадзёрваў і даваў сілы. Гэта тое, што настаяцелі робяць не ўсюды ў нашых дыяцэзіях. Сёння быў асаблівы выпадак”, - распавёў святар.
“Папа заклікаў нас зрабіць нашы ўласныя раны плённымі для нашай душпастырскай працы і паспрабаваць, наколькі гэта магчыма, дамагчыся ацаляльнага эфекту. У той жа час гэтая сустрэча яшчэ раз паказала, што важна не маўчаць, не дазваляць, каб нас зноў прымусілі замаўчаць, але падтрымліваць гэтую тэму ў Касцёле", - сказаў Готшліх.