Папа да футбалістаў: важна камандная гульня, а не індывідуалізм
Марыя Валодзіна - Pope
Пантыфік павіншаваў харвацкіх футбалістаў з трэцім месцам на апошнім чэмпіянаце свету. На яго думку, гэта падзея, нягледзячы на некаторую крытыку, паказала, што футбол – глабальная з'ява, здольная аб’яднаць велізарную колькасць людзей, выклікаць моцныя калектыўныя эмоцыі і пачуцці.
Францішак падкрэсліў важнасць каманднай гульні як у спорце, так і ў грамадскім жыцці. “Індывідуальныя дзеянні, фантазія, творчасць важныя... Але калі пераважае індывідуалізм, то псуецца ўся дынаміка і не дасягаецца агульная мэта”, - папярэдзіў ён.
Святы Айцец падкрэсліў іншыя важныя каштоўнасці, такія як пачуццё гонару, сяброўства, братэрства, вернасць і самакантроль. Ён заклікаў гасцей не забываць аб тым, што заўзятары, асабліва маладыя, бачаць у футбалістах узоры паспяховага жыцця, і заахвоціў іх “развіваць духоўныя і чалавечыя якасці, каб служыць добрым прыкладам”.
Напрыканцы сустрэчы Папа падзякаваў спартсменам за візіт, пажадаў усяго найлепшага ў іх спартыўнай і сацыяльнай дзейнасці, благаславіў і папрасіў аб малітве.