Пантыфік: прасоўваць міжрэлігійны дыялог дзеля міру ў свеце
Аляксандр Панчанка - Pope
3 чэрвеня 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў міжрэлігійнага сімпозіума, арганізаванага Рухам факаляраў. Ён адзначыў важнасць ініцыятывы, накіраванай на дыялог і сустрэчу паміж вызнаўцамі розных рэлігій, падкрэсліваючы, што гэта праца “натхнёная Святым Духам” і “ўкаранёная ў сэрцы Хрыста – у Яго празе любові, адзінства і братэрства”.
Святы Айцец выказаў перакананасць у тым, што ў аснове гэтага досведу знаходзіцца “Божая любоў, якая рэалізуецца ва ўзаемнай любові, слуханні, даверы, прыняцці і пазнанні адзін аднаго, пры поўнай павазе да самабытнасці кожнага”.
Францішак з радасцю адзначыў, што сяброўства і супрацоўніцтва паміж вызнаўцамі розных рэлігій з часам перараслі ў імкненне “разам адгукнуцца на вокліч бедных, клапаціцца пра стварэнне, працаваць на карысць міру”, а таксама ў адчуванне сябе братамі і сёстрамі і раздзяленне мары “пра больш з’яднаны свет, у гармоніі разнастайнасцяў”.
“Ваша сведчанне – гэта прычына радасці і суцяшэння, асабліва ў гэты час канфліктаў, у якіх рэлігіі часта выкарыстоўваюцца для распальвання сутыкнення. Міжрэлігійны дыялог, наадварот, “з’яўляецца неабходнай умовай спакою ў свеце і таму гэта абавязак хрысціянаў, а таксама іншых рэлігійных супольнасцяў” (Evangelii gaudium, 250)”, - нагадаў Пантыфік.