Францішак: адчужэнне пажылых людзей – схаваная эўтаназія
Аляксандр Панчанка - Pope
“Як жа часта мы спісваем ва ўтыль пажылых людзей, пакідаючы іх самім сабе, што з’яўляецца сапраўднай схаванай эўтаназіяй! Гэта наступства культуры адчужэння, якая прыносіць столькі зла нашаму свету. Мы ўсе пакліканы супрацьстаяць атрутнай культуры адчужэння!”, - напісаў Францішак у сацыяльнай сетцы X.
Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб злоўжываннях у дачыненні да пажылых людзей, адзначаецца 15 чэрвеня па ініцыятыве Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Яго сёлетняя тэма: Увага да пажылых людзей у надзвычайных сітуацыях. З яе дапамогай ААН хоча звярнуць увагу на патрэбу абароны і падтрымкі пажылых людзей падчас крызісаў.
“Надзвычайныя сітуацыі, такія як стыхійныя бедствы, пандэміі ці ўзброеныя канфлікты, закранаюць пажылых людзей у непрапарцыйнай ступені, павялічваючы іх уразлівасць. Улік патрэб пажылых людзей пры планаванні і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі мае вырашальнае значэнне, паколькі пажылыя людзі часта з цяжкасцю могуць перасоўвацца і пакутуюць ад хранічных захворванняў ці сацыяльнай ізаляцыі. Гэтыя фактары могуць перашкодзіць ім бяспечна эвакуіравацца ці атрымаць своечасовую медыцынскую дапамогу. Акрамя таго, стрэс і хаос, якія ўзнікаюць у надзвычайных сітуацыях, могуць павысіць рызыку жорсткага абыходжання з пажылымі людзьмі, у тым ліку фізічнага, эмацыйнага або фінансавага, а таксама грэблівага стаўлення да іх”, - гаворыцца на сайце арганізацыі.
Па прагнозах, у перыяд з 2019 года па 2030 год колькасць асоб ва ўзросце 60 гадоў і старэй вырасце на 38 працэнтаў – з 1 мільярда да 1,4 мільярдаў чалавек – і будзе перавышаць колькасць моладзі ва ўсім свеце. Прычым гэты рост будзе самым вялікім і хуткім у краінах, якія развіваюцца. Таму расце неабходнасць надаваць больш увагі канкрэтным праблемам, якія закранаюць пажылых людзей, у тым ліку ў галіне правоў чалавека.