ҽ

Святы Айцец: пілігрымка ў катакомбы умацоўвае веру і надзею

Пілігрымка ў катакомбы – гэта шлях, на якім можна адчуць сэнс хрысціянскага чакання і надзеі; яны нагадваюць нам пра тое, што ўсе мы – пілігрымы, якія ідуць на сустрэчу з Богам, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Pope

17 мая 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па сакральнай археалогіі. Ён высока ацаніў шэраг ініцыятыў, якія праводзіць гэта структура: Дні катакомбаў з прыцягненнем сем’яў і моладзі да адукацыйных сустрэч; прадстаўленне катакомбаў у тэлевізійных праграмах і сацыяльных сетках; вылучэнне стыпендый; штогадовыя археалагічныя даследаванні сумесна з рознымі ўніверсітэтамі. Папа адзначыў, што ўсё гэта садзейнічае распаўсюджванню ведаў пра катакомбы і іх больш асэнсаванаму наведванню.

Францішак заўважыў, што катакомбы будуць адной з важных мэт вернікаў падчас Юбілею 2025 года, які пройдзе пад дэвізам Пілігрымы надзеі. “Там знаходзяцца шматлікія знакі пілігрымавання ў раннехрысціянскую эпоху: я думаю, напрыклад, пра вельмі важныя графіці так званай triclia у катакомбах святога Себасцьяна, пра Memoria Apostolorum, дзе разам ушаноўваюцца рэліквіі апосталаў Пятра і Паўла. На гэтых жа шляхах мы знаходзім найстаражытнейшыя хрысціянскія сімвалы, якія сведчаць пра хрысціянскую надзею. У катакомбах усё кажа пра надзею: жыццё пасля смерці, вызваленне ад небяспек і самой смерці дзякуючы Богу, які ў Хрысце, Добрым пастыры, заклікае нас удзельнічаць у шчасці Раю, пра які кажуць выявы квітнеючых раслін, кветак, зялёных лугоў, паўлінаў і галубоў, авечак на пашах. Усё кажа пра надзею і жыццё!”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што катакомбы з’яўляюцца могілкамі, што “сведчаць пра чаканне, надзею хрысціяніна, які верыць ва ўваскрасенне Хрыста і ўваскрасенне цела”. “Таму пілігрымка ў катакомбы – гэта шлях, на якім можна адчуць сэнс хрысціянскага чакання і надзеі; яны нагадваюць нам пра тое, што ўсе мы – пілігрымы, якія ідуць на сустрэчу з Богам, які ва ўваскрослым Хрысце заклікае нас падзяліць Яго шчасце і мір. Першыя хрысціянскія пакаленні перадаюць і выказваюць гэтую веру праз словы добрых пажаданняў і малітваў, што ўвесь час паўтараюцца ў эпітафіях, высечаных на магілах іх блізкіх: Vivas in pace – Vivas in Deo, in Christo!”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што пра хрысціянскую надзею сведчаць перш за ўсё мучанікі, памяць аб якіх напаўняе катакомбныя шляхі. “Менавіта таму я вельмі рады прапанове вылучыць, у сувязі з Юбілеем, магілы мучанікаў, прапанаваўшы іх пілігрымам у якасці важных этапаў маршрутаў. Спыненне перад імі дапамагае сустрэцца тварам у твар з мужным прыкладам гэтых хрысціян, заўсёды актуальным, і заахвочвае нас маліцца за многіх братоў і сясцёр, якія сёння пакутуюць ад пераследу за веру ў Хрыста”, - дадаў Францішак.

Папа назваў вельмі своечасовым рашэнне павялічыць колькасць катакомбаў, даступных для пілігрымаў, каб дазволіць большай колькасці вернікаў наведаць іх і ўмацавацца ў веры і надзеі. Ён назваў працу Папскай камісі па сакральнай археалогіі служэннем евангелізацыі, бо “пасланне катакомбаў прамаўляе да ўсіх, да пілігрымаў, але таксама да наведвальнікаў, далёкіх ад веры”.
 

17 мая 2024, 09:53