ҽ

Джульета Мазіна і Энтані Куін на здымках фільма "Дарога" рэжысёра Федэрыка Феліні (1954 год) Джульета Мазіна і Энтані Куін на здымках фільма "Дарога" рэжысёра Федэрыка Феліні (1954 год)

Святы Айцец пра фільм, які закрануў яго сэрца

Папа даслаў кароткае відэапасланне з нагоды 70-годдзя фільма "Дарога" (La strada) італьянскага рэжысёра Федэрыка Феліні. Яго апублікавала ватыканская газета L'Osservatore Romano.

Марыя Валодзіна - Pope

З 2 па 5 мая 2024 года на радзіме Феліні ў Рыміні праходзіць кінафестываль. Адно з мерапрыемстваў прысвечана фільму Дарога, які сёлета святкуе 70-годдзе.

У відэапасланні з гэтай нагоды Пантыфік сказаў: "У дзяцінстве я глядзеў шмат фільмаў Феліні, але Дарога засталася ў маім сэрцы на ўсё жыццё. Гэты фільм пачынаецца з слёз і заканчваецца слязьмі. Ён пачынаецца на беразе мора і заканчваецца на беразе мора. Але больш за ўсё ў маім сэрцы засталася сцэна Мата з каменьчыкам, які тлумачыць дзяўчыне сэнс жыцця. Я рады, што вы нагадваеце пра яго. Дзякуй”.

Францішак мае на ўвазе эпізод, у якім канатаходзец Мата размаўляе з Джэльсамінай, уразлівай дзяўчынай, якая працуе з грубым і жорсткім цыркачом Дзампана, падвяргаючыся абразам і злоўжыванням. Мата тлумачыць Джэльсаміне, што ў жыцці ўсё мае значэнне і сэнс, нават маленькі каменьчык, які ляжыць на зямлі. У чым гэты сэнс, яму невядома: “гэта ведае толькі Айцец”. Але “для чагосьці ён павінен служыць. Таму што, калі ён бескарысны, то бескарысна ўсё, нават зоркі. І ты таксама, ты таксама для чагосьці патрэбная", - кажа Мата.

Святы Айцец не ўпершыню згадвае фільм Дарога. У сваім інтэрв'ю ксяндзу Антоніа Спадара, галоўнаму рэдактару часопіса La Civiltà Cattolica, у 2013 годзе ён сказаў: "Фільм, які, магчыма, падабаўся мне больш за ўсё – гэта Дарога Феліні. Я атаясамліваю сябе з гэтым фільмам. У ім ёсць ускосная спасылка на святога Францішка".

Відэапасланне Папы з нагоды 70-годдзя фільма "Дарога"
02 мая 2024, 15:39