Святы Айцец: памятаць у малітве пра ўкраінскіх дзяцей
Аляксандр Панчанка - Pope
“Мае думкі скіроўваюцца да змучанай Украіны. У гэтыя дні я прымаў дзяцей, якія атрымалі апёкі, якія страцілі ногі з прычыны вайны: вайна – гэта заўсёды жорсткасць. Гэтыя малыя хлопчыкі і дзяўчынкі вымушаны нанова вучыцца хадзіць, карыстацца пратэзамі... Яны згубілі свае ўсмешкі. Гэта жахліва, вельмі сумна, калі дзіця губляе сваю ўсмешку. Давайце маліцца за ўкраінскіх дзяцей”, - сказаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 29 мая 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.
Францішак заклікаў вернікаў не забываць таксама пра Палесціну, Ізраіль, М’янму і многія іншыя краіны, якія знаходзяцца ў стане вайны. Ён падкрэсліў, што на вайне вельмі моцна пакутуюць дзеці. “Будзем маліцца да Пана, каб Ён быў блізкім да ўсіх і адарыў нас ласкай міру”, - заахвоціў Пантыфік.
Святы Айцец запэўніў у сваіх малітвах за ахвяр апоўзня, які разбурыў некалькі вёсак у Папуа-Новай Гвінеі, а таксама адзначыў гераічнасць сведчання італьянскага святара і мучаніка, ксяндза Джузэпэ Росі, забітага фашыстамі ў 1943 годзе, беатыфікацыя якога адбылася 26 мая ў Навары.
Вітаючы моладзь, хворых, пажылых і маладажонаў, Папа спаслаўся на літургічны ўспамін святога Паўла VI, заклікаючы ў святле яго духоўнай спадчыны “нанава адкрываць радасць быцця хрысціянамі” і прыкладаць намаганні для “будавання цывілізацыі любові”.