Францішак: сведчыць пра месца веры ў сужэнскім жыцці
Аляксандр Панчанка - Pope
“Вы з’яўляецеся рухам, які пашыраецца: тысячы équipes раскінуты па ўсім свеце, шматлікія сем’і, якія намагаюцца жыць хрысціянскім сужэнствам як дарам”, - сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў, што ў нашу зменлівую эпоху хрысціянская сям’я перажывае сапраўдную “культурную буру”, падвяргаючыся пагрозам і спакусам з розных бакоў. “Таму ваша праца важная для Касцёла. Вы суправаджаеце сужонкаў, каб яны не адчувалі сябе самотнымі ў жыццёвых цяжкасцях і сужэнскіх адносінах. Такім чынам вы з’яўляецеся адлюстраваннем Касцёла, “які вырушае ў дарогу”, які становіцца блізкім да сітуацый і праблем людзей і цалкам прысвячае сябе дабру сённяшніх і заўтрашніх сем’яў”, - сказаў Святы Айцец.
Францішак падкрэсліў, што “суправаджаць сужонкаў сёння – гэта сапраўдная місія”. “Сапраўды, бараніць сужэнства, значыць бараніць усю сям’ю, значыць бараніць усе адносіны, якія ўзнікаюць дзякуючы сужэнству: любоў паміж сужонкамі, паміж бацькамі і дзецьмі, паміж бабулямі, дзядулямі і ўнукамі; гэта значыць захоўваць сведчанне пра любоў, магчымую і вечную, у якую цяжка паверыць моладзі”, - сказаў ён, дадаючы, што дзецям неабходна “атрымаць ад бацькоў упэўненасць у тым, што Бог іх стварыў для любові, і што аднойчы яны таксама змогуць любіць і адчуваць сябе любімымі, як гэта робяць маці і тата”. “Будзьце ўпэўненыя, што зерне любові, пасеянае ў іх сэрцы бацькамі, раней ці пазней прарасце”, - падкрэсліў Святы Айцец.
На думку Папы, сёння тэрмінова неабходна дапамагчы моладзі зразумець, што хрысціянскае сужэнства – гэта пакліканне, асаблівае пакліканне, з якім Бог звяртаецца да мужчыны і жанчыны, каб маглі напоўніцу рэалізавацца, становячыся плённымі, становячыся бацькамі і маці, і несучы ласку іх сакрамэнту ў свет. “Гэтай ласкай з’яўляецца любоў Хрыста, злучаная з любоўю сужонкаў, Яго прысутнасць паміж імі, вернасць Бога іх любові: менавіта Ён дае сілы, каб штодзённа расці разам і заставацца ў еднасці”, - заўважыў Францішак.
Святы Айцец нагадаў, што добрае сужэнства залежыць не толькі ад сілы волі людзей. Сужэнства – гэта падарожжа ўтрох, у якім “прысутнасць Хрыста паміж сужонкамі робіць магчымым шлях”: гэта “матч”, які працягваецца ўсё жыццё, і дзе “перамога здабываецца разам”, калі сужонкі “клапоцяцца пра ўласныя адносіны”, ахоўваюць іх як “каштоўны скарб, дапамагаючы адзін аднаму кожны дзень праходзіць праз уваходную браму, якой ёсць Хрыстус”.
Францішак заклікаў сваіх гасцей клапаціцца пра маладыя сужэнскія пары. На яго думку, маладажонам важна прайсці падрыхтоўку, якая дапаможа ім пазнаць прыгажосць іх сакрамэнту і духоўнасць сужэнства. “У першыя гады сужэнскага жыцця асабліва важна адкрыць веру ў пары, адчуць яе смак, навучыўшыся маліцца разам. Сёння многія заключаюць сужэнства, не разумеючы, якое дачыненне вера мае да іх сужэнскага жыцця, магчыма, таму, што ніхто не сведчыў ім пра гэта да сужэнства. Я заклікаю вас дапамагчы ім прайсці “катэхуменальны шлях” – нанава адкрыць для сябе веру, як асабістую, так і сужэнскую, каб ад самага пачатку навучыцца вызваляць месца для Езуса і разам з Ім клапаціцца пра сваё сужэнства”, - сказаў Папа.
Пантыфік заахвоціў да стварэння маленькіх хатніх Касцёлаў, пазначаных хрысціянскім ладам жыцця вернікаў. “Вы можаце быць як полымя, якое запальвае іншыя агні веры, асабліва сярод маладых пар: не давайце ім назапашваць пакуты і раны ў самотнасці іх дамоў. Дапамагайце ім лагодна, з цярплівасцю і з даверам да дзейнасці Святога Духа, адкрываць для сябе кісларод веры”, - заклікаў Святы Айцец.
Францішак звярнуў увагу таксама на важнасць супрацоўніцтва паміж свецкімі членамі руху і святарамі. Патрэбна адчуванне сумеснай адказнасці і разуменне ўзаемадапаўняльнасці двух пакліканняў. Гэта дапаможа перамагчы клерыкалізм, які робіць бясплённым Касцёл, а таксама дапаможа ўсвядоміць сужонкам, што праз сужэнства яны пакліканы да місіі – разам са святарамі будаваць касцёльную супольнасць.
“Без хрысціянскіх супольнасцей сем’і адчуваюць сябе адзінокімі, а адзінота вельмі балючая! Дзякуючы вашаму харызмату вы можаце стаць уважлівай дапамогай для тых, хто жыве ў нястачы, для самотных, для тых, хто мае сямейныя праблемы і не ведае, з кім пагаварыць пра гэта, бо саромеецца або страціў надзею. У вашых дыяцэзіях вы можаце дапамагчы сем’ям зразумець важнасць узаемадапамогі і ўстанаўлення адносін; будаваць супольнасці, дзе Хрыстус можа “жыць” у дамах і сямейных адносінах”, - падкрэсліў Святы Айцец.