Францішак: тэалогія можа стаць спадарожніцай навукі
Марыя Валодзіна - Pope
10 мая 2024 года Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Міжнароднай сеткі таварыстваў каталіцкай тэалогіі (International Network of Societies for Catholic Theology). Арганізацыя вядзе міждысцыплінарную даследчую працу, заахвочваючы экуменізм і дыялог з прадстаўнікамі іншых рэлігій і светапоглядаў.
Папа ўручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой паразважаў пра ролю і прынцыпы тэалогіі.
На яго думку, тэалогія выконвае важнае і неабходнае касцёльнае служэнне, па-першае, таму што тлумачыць прычыны надзеі кожнаму, хто просіць аб гэтым. (пар. 1 П 3, 15). У перыяд эпахальных грамадскіх змен тэалогія таксама важная, таму што дазваляе крытычна ацаніць гэтыя змены, каб “дапамагчы пабудаваць будучыню, заснаваную на міры, салідарнасці і ўсеагульным братэрстве (пар. Fratelli Tutti), не кажучы ўжо пра клопат аб нашым агульным доме” (пар. Laudato Si’). Акрамя таго, тэалогія патрэбна нам таму, што выклікі, звязаныя з навукова-тэхнічным прагрэсам, прымушаюць нас шукаць агульнага разумення таго, што значыць быць чалавекам. Тут тэалогія павінна стаць спадарожніцай натуральных навук і іншых дысцыплін, прапаноўваючы свой уклад у дасягненне гарманічнага дыялогу паміж рознымі культурамі.
Папа звярнуў увагу на тры кіруючыя прынцыпы тэалогіі: творчую вернасць традыцыі, міждысцыплінарнасць і калегіяльнасць.
“Мы добра ведаем, што традыцыя жывая. Яна павінна расці і ўвасабляць Евангелле ў кожнай краіне і ва ўсіх культурах. Таму што Евангелле абвяшчае пра Езуса, памерлага і ўваскрослага, і з'яўляецца мудрасцю для жыцця ўсіх народаў. Тэалогія – гэта дысцыпліна, якая займаецца чалавечым існаваннем. Яе святло павінна пранікаць у кожную рэальнасць, якую вывучае навука. Такім чынам, міждысцыплінарны падыход – гэта не даніна модзе, а неад'емнае патрабаванне тэалагічнай навукі”. Адказнасць за выкананне гэтай цяжкай задачы непазбежна патрабуе калегіяльнасці і сінадальнасці ў даследчай працы.
Бэнэдыкт XVI справядліва заклікаў, каб усе навукі пашырылі межы навуковай рацыянальнасці ў разумным сэнсе. Гэта пашырэнне павінна адбыцца і ў тэалогіі, каб яна стала дысцыплінай, якая мае вырашальнае значэнне для жыцця кожнага чалавека і ўсяго народа Божага, спалучаючы навуку і міласэрнасць, крытычнае мысленне і любоў. “Каталіцкая вера – гэта вера, якая дзейнічае праз міласэрнасць, у адваротным выпадку гэта мёртвая вера. Такім чынам, разумная тэалогія – гэта тэалогія любові, таму што "хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў" (1 Ян 4, 8), напісаў у сваёй прамове Францішак.