Пантыфік сустрэўся з найстарэйшымі рымскімі святарамі
Марыя Валодзіна - Pope
Завяршыўшы нядаўна серыю паездак у пяць сектараў сваёй дыяцэзіі, біскуп Рыма распачаў новы цыкл сустрэч: зараз ён сустракаецца з святарамі па гадах пасвячэння.
У двухгадзінным дыялогу з Пантыфікам удзельнічалі каля 70 святароў старэйшага ўзросту. Іх суправаджалі біскупы Балдасарэ Рэйна і Мікеле Дзі Толвэ. Абмяркоўваліся такія душпастырскія тэмы, як гасцінны прыём, споведзь, слуханне і прабачэнне. Папа падкрэсліў каштоўнасць працы святара і душпастыра на месцах: "Людзі набліжаюцца, калі бачаць дабрыню пастыра".
Закранулі таксама і цяжкасці, з якімі сутыкаюцца старэйшыя святары, такія як адзінота і стомленасць. Францішак падкрэсліў каштоўнасць адносін паміж старымі і маладымі святарамі, заклікаў прысутных быць сведкамі памяці, каб разам з маладым пакаленнем рухацца наперад.
Напрыканцы сустрэчы Папа падзякаваў святарам, заклікаючы іх не стамляцца, маліцца і далей суправаджаць вернікаў Касцёла.
Пасля гэтага Святы Айцец прывітаў групу вучняў пачатковай школы і дзяцей, якія наведваюць заняткі па катэхізісу, а таксама іншых вернікаў, якія сабраліся ў базіліцы і вакол яе.
Наступная сустрэча Папы са святарамі Рымскай дыяцэзіі, пасвечанымі ў перыяд з 2014 па 2024 год, запланавана на 29 мая.