ҽ

Францішак заклікаў місіянераў быць крэатыўнымі і свабоднымі

Хрысціянская місія заключаецца не ў перадачы нейкай абстрактнай праўды або нейкіх рэлігійных перакананняў, але ў сведчанні фундаментальнага досведу Божай любові, - нагадаў Пантыфік.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Францішак прыняў 25 мая 2024 года ў Ватыкане ўдзельнікі генеральнай асамблеі Папскіх місійных ініцыятыў. Ён заўважыў, што сёння кожнаму ў Касцёле трэба ступіць на “шлях місійнага навяртання”, “і таму важна, каб існавалі магчымасці асабістага і супольнага навучання для ўзрастання ў вымярэнні супольнай місійнай духоўнасці”.

Ён заклікаў сваіх гасцей да крэатыўнасці, заўсёды звязанай са свабодай, “якой валодае Бог і якую дае нам у Хрысце і ў Духу”. Менавіта Бог “з невычэрпнай фантазіяй стварае ўсё новыя і новыя спосабы евангелізацыі і служэння братам, асабліва самым бедным”.

Святы Айцец нагадаў пра неабходнасць настойлівасці ў місіянерскай дзейнасці – гаворка ідзе пра цвёрдасць у намерах і дзеяннях. “Мы таксама можам сузіраць гэтую рысу ў любові Бога-Тройцы, Які, каб рэалізаваць план збаўлення, з пастаяннай вернасцю пасылаў сваіх слуг на працягу ўсёй гісторыі і ў поўні часу аддаў сябе ў Езусе”, - заўважыў Папа.

Ён папрасіў місіянераў не падаць духам, калі сустракаюцца “з выпрабаваннямі, складанымі сітуацыямі, цяжарам і стомленасцю, якія суправаджаюць касцёльнае жыццё”.

“Давайце больш глядзець на станоўчыя аспекты, і ў гэтай радасці, якая прыходзіць ад сузірання Божай справы, мы зможам з цярпеннем супрацьстаяць нават праблемным сітуацыям, каб не заставацца ў палоне бяздзейнасці і паражэнчага духу. Настойлівыя і вытрывалыя, ідзіце наперад у Пану!” - звярнуўся Францішак да супрацоўнікаў місійных таварыстваў.
 

25 мая 2024, 11:40