Францішак сустрэўся з дзецьмі са Школы малітвы
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Францішак паразмаўляў з 80 удзельнікамі ініцыятывы ў парафіі святой Бернадэт Субіру, у раёне Колі-Аньенэ, ва ўсходняй частцы Рыма.
Дзеці не чакалі, што Пантыфік наведае іх падчас штотыднёвай сустрэчы. Так было і 11 красавіка 2024 года, калі Францішак наведаў групу з 200 дзяцей, якія рыхтаваліся да Першай Камуніі ў парафіі святога Яна Марыі Віянэя.
Папа адказаў на пытанні аб веры і малітве. Ён звярнуў увагу на тое, што Бог мае план для кожнага, і параіў падчас малітвы пытацца ў Яго, чаго Ён ад нас чакае. Францішак заахвоціў падлеткаў не ісці па жыцці ў адзіноце, а развіваць сяброўства.
“Часам мы можам заблудзіцца ў лабірынтах жыцця. Самае важнае пры выхадзе з цемры – не ісці ў адзіночку, таму што ў адзіноце вы губляеце арыенціры. Важна размаўляць аб сваёй сітуацыі”, - заахвоціў Папа.
Ён сказаў хлопчыку, які прызнаўся ў адсутнасці веры ў Бога, што ніхто не асудзіць яго за гэта, але важна стаць на шлях і імкнуцца да ідэалу.
У размове з маладой парай Святы Айцец выказаў занепакоенасць глыбокім дэмаграфічным крызісам у Італіі і падкрэсліў важнасць нараджальнасці, “якая заўсёды з’яўляецца пасланнем вялікай надзеі”.
Ён адзначыў, што Касцёл, каб заставацца аўтарытэтам, павінен пазбавіцца ўсяго мірскога. “Каштоўнасці Касцёла – гэта каштоўнасці Евангелля, а не каштоўнасці грамадства, якое называе сябе каталіцкім”, - лічыць Папа.
Напрыканцы Францішак даў параду не баяцца рызыкаваць жыццём дзеля высокіх ідэалаў.