ҽ

Святы Айцец сустрэўся з дзецьмі ў парафіі на ўскраіне Рыма

У другой палове дня 11 красавіка 2024 года Папа адправіўся на ўскраіну Рыма – у парафію святога Яна Марыі Віянэя ў раёне Баргезіяна, дзе сустрэўся з дзецьмі, якія наведваюць заняткі па катэхізісу і рыхтуюцца да Першай святой Камуніі.

Аляксандр Панчанка - Pope

Візіт Святога Айца павінен быў стаць сюрпрызам для мясцовых вернікаў, але прысутнасць ля касцёла вялікай колькасці жыхароў квартала і групы журналістаў сведчыла пра тое, што захаваць у сакрэце інфармацыю пра намер Папы наведаць Баргезіяну не атрымалася. “Таямніца была амаль захавана”, - пажартаваў ён.

У парафіі Пантыфіка чакалі каля 200 дзяцей. Менавіта размовай з імі Папа вырашыў даць пачатак Школе малітвы – ініцыятыве, якая прадугледжвае шэраг сустрэч у рамках Года малітвы і падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года, што ўрачыста распачнецца ў снежні.

Акцыя з’яўляецца працягам ініцыятывы Пятніцы міласэрнасці, у рамкай якой на працягу Юбілею міласэрнасці Папа раз на месяц наведваў якую-небудзь з парафій Рыма, каб прывітаць тых, хто жыве на гарадскіх ускраінах або ў цяжкіх умовах.

Новую серыю сустрэч Францішак вырашыў распачаць з дзяцей. На працягу гадзіны ён адказваў на пытанні сваіх маленькіх суразмоўцаў. Гаворка ішла пра адносіны ў сям’і, сяброўства, цяжкасці і радасці жыцця, значэнне малітвы. Папа падбадзёрваў дзяцей: запрашаў да мікрафону тых, якія крыху саромеліся, і хваліў тых, якія задавалі глыбокія і сур’ёзныя пытанні.

Святы Айцец нагадаў дзецям пра тое, што ў жыцці важна казаць тры словы: “дзякуй”, “дазволь” і “прабач”. Трэба быць удзячнымі бацькам, сябрам, настаўнікам і катэхетам, а першую чаргу Богу. “Важна дзякаваць за ўсё. Напрыклад, калі, прыйшоўшы да кагосьці дамоў, не дзякуеш і не пытаешся дазволу, або не вітаешся, ці добра гэта?”, - прапанаваў задумацца Папа.

Галоўнай тэмай размовы Францішка з дзецьмі была малітва. Ён падкрэсліў, што маліцца і дзякаваць Богу трэба заўсёды, асабліва ў “цёмныя хвіліны” жыцця, напрыклад падчас цяжкай хваробы, бо Пан дае цярплівасць і сілы, каб зносіць боль. Папа заклікаў сваіх суразоўцаў памятаць у малітве пра дзяцей, якія пакутуюць ад голаду і войнаў.

Напрыканцы сустрэчы яе маленькія ўдзельнікі атрымалі ў падарунак ад Пантыфіка ружанцы і шакаладныя яйкі. Катэхетам і святарам ён уручыў па асобніку дапаможніка па малітоўнай падрыхтоўцы да Юбілею, распрацаванага ватыканскай Дыкастэрыяй па евангелізацыі.
 

12 красавіка 2024, 09:18