ҽ

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная сустрэчы Папы з бабулямі, дзядулямі і ўнукамі Прэс-канферэнцыя, прысвечаная сустрэчы Папы з бабулямі, дзядулямі і ўнукамі 

Святы Айцец сустрэнецца з пажылымі людзьмі і іх унукамі

“Пяшчота і ўсмешка” – так будзе называцца мерапрыемства, прысвечанае ролі бабуль, дзядуляў і ўсіх пажылых людзей, якое 27 красавіка 2024 года пройдзе ў Ватыкане. У ім прыме ўдзел каля шасці тысяч чалавек.

Марыя Валодзіна - Pope

Аб гэтым паведамілі арганізатары мерапрыемства на прэс-канферэнцыі, якая прайшла 22 красавіка 2024 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Сустрэча бабуль, дзядуляў і ўнукаў з Францішкам адбудзецца ў ватыканскай Зале Паўла VI. Сярод арганізатараў – італьянскі Фонд Старэйшы ўзрост (Fondazione Età Grande). Асноўная мэта ініцыятывы – спрыяць дыялогу паміж пакаленнямі і прыцягнуць увагу да ролі пажылых людзей у сацыяльнай і культурнай сферах.

Плануецца, што падчас сустрэчы арцыбіскуп Палья і італьянскі акцёр Ліна Банфі паразважаюць над адносінамі старэйшага і малодшага пакаленняў. У мерапрыемстве таксама прымуць удзел італьянскі спявак Аль Бана і хор Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам маэстра Марка Фрызіны. Затым у прысутнасці Папы Францішка прагучаць сведчанні трох бабуль і дзядуляў і іх унукаў.

Мэта ініцыятывы – прапанаваць новы погляд на старасць, - адзначыў на прэс-канферэнцыі старшыня Папскай акадэміі жыцця арцыбіскуп Вінчэнца Палья, падкрэсліваючы, што старасць з'яўляецца не цяжарам, а рэсурсам для людзей усіх узростаў. На яго думку, спадчына пажылога ўзросту можа быць адкрыта нанова, і менавіта таму ў сустрэчы будуць удзельнічаць бабулі, дзядулі і ўнукі, паміж якімі пануе асаблівая гармонія, еднасць і пачуцці, якія не заўсёды ўласцівыя іншым пакаленням.

Неабходна цаніць і шанаваць тое, як шмат усё яшчэ могуць даць пажылыя людзі, - сказаў арцыбіскуп Палья на прэс-канферэнцыі, дадаючы, што ў Італіі налічваецца 14 мільёнаў пажылых людзей, але іх палітычныя, эканамічныя, рэлігійныя і культурныя праблемы не вырашаюцца належным чынам.

Іерарх нагадаў аб тым, што Францішак прысвяціў пытанням старасці катэхетычны цыкл з дзевятнацці прамоў падчас агульных аўдыенцый, падкрэсліўшы, наколькі важна надаваць увагу людзям пажылога ўзросту, а таксама заснаваў святочны Дзень бабуль і дзядуляў.

Італія ўзяла на сябе абавязацельства рэарганізаваць догляд за пажылымі людзьмі, прыняўшы ў 2023 годзе закон № 33, і ёсць надзея, што іншыя краіны таксама нададуць належную ўвагу пытанням старэйшага пакалення, - выказаў спадзяванне арцыбіскуп Палья. Ён дадаў, што бабулі і дзядулі могуць спрыяць цёплым адносінам, узаемаразуменню і гармоніі паміж пакаленнямі, а таксама падкрэсліў, што ўсе пакаленні залежаць адзін ад аднаго і не могуць жыць паасобку.

23 красавіка 2024, 09:38