ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа: дзецям патрэбны дамы, паркі і школы, а не магілы і акопы

У сваім пасланні з нагоды завяршэння ісламскага месяца Рамадан Папа Францішак заклікаў адмовіцца ад вайны і спыніць кровапраліцце на Блізкім Усходзе.

Марыя Валодзіна - Pope

Францішак заўважыў, што сёлета Рамадан скончыўся праз некалькі дзён пасля самага важнага хрысціянскага свята – Вялікадня. Але гэта радаснае святкаванне, калі мы ўздымаем вочы да неба і пакланяемся міласэрнаму і ўсемагутнаму Пану, моцна кантрастуе са смуткам, які выклікае кровапраліцце на Блізкім Усходзе, адзначыў Пантыфік.

“Браты і сёстры, наш айцец Абрам узняў вочы да неба, каб глядзець на зоркі. Святло жыцця, якое агортвае і абдымае нас зверху, заклікае нас пераадолець ноч нянавісці, каб па волі Творцы зоркі асвятлілі зямлю, каб зямля не гарэла, спустошаная полымем зброі у небе, якое палыхае!” - звярнуўся Святы Айцец.

“Бог – гэта мір, і Ён жадае міру. Той, хто верыць у Яго, павінен адмовіцца ад вайны, якая не вырашае, а павялічвае канфлікты. Вайна, я ніколі не стамлюся гэта паўтараць, заўсёды параза, гэта шлях у нікуды. Яна не адкрывае новыя перспектывы, але гасіць надзею”, - сцвердзіў Папа.

“Канфлікт у Палесціне і Ізраілі выклікае ўва мне трывогу. Няхай неадкладна спыніцца агонь у Сектары Газа, дзе адбываецца гуманітарная катастрофа. Няхай палесцінскае насельніцтва, якое моцна пакутуе, атрымае гуманітарную дапамогу. Няхай будуць вызваленыя заложнікі, якіх выкралі ў кастрычніку! Я думаю пра пакутніцкую Сірыю, Ліван, увесь Блізкі Ўсход. Не дазволім успыхнуць полымю нянавісці, якое раздуваюць вятры гонкі ўзбраенняў! Не дазволім вайне пашырацца! Давайце спынім інерцыю зла!” - заклікаў Францішак.

“Я думаю пра сем’і, моладзь, рабочых, пажылых, дзяцей. Я ўпэўнены, што ў іх сэрцах, у сэрцах простых людзей жыве вялікае жаданне міру. Перад абліччам нястрымнага насілля, калі з вачэй цякуць слёзы, іх вусны вымаўляюць адно толькі слова: хопіць. Я таксама паўтараю: Хопіць! Тым, хто нясе вялікую адказнасць за кіраванне народамі я кажу: хопіць, спыніцеся! Калі ласка, спыніце грукат зброі і падумайце пра дзяцей, пра ўсіх дзяцей, як пра сваіх уласных. Давайце ўсе разам паглядзім у будучыню вачыма дзяцей. Яны не пытаюцца, хто вораг, каго знішчаць, яны пытаюцца, хто сябра, з кім гуляць. Ім патрэбныя дамы, паркі і школы, а не магілы і акопы!”, - нагадаў Папа.

Францішак выказаў перакананасць у тым, што і “пустыня можа расквітнець, як у прыродзе, так і ў сэрцах і жыццях народаў”. “Але парасткі надзеі прарастуць з пустыняў нянавісці толькі тады, калі мы здолеем расці разам, адзін побач з адным; калі мы здолеем паважаць перакананні іншых; калі мы здолеем прызнаваць права на існаванне кожнага народа і права кожнага народа мець дзяржаву; калі мы здолеем жыць у міры, нікога не дэманізуючы. Я веру і спадзяюся на гэта, а таксама са мной хрысціяне, якія са шматлікімі цяжкасцямі жывуць на Блізкім Усходзе: я абдымаю і заахвочваю іх, просячы, каб яны заўсёды і ўсюды мелі права і магчымасць свабодна вызнаваць сваю веру, якая гаворыць пра мір і братэрства”, - напісаў Папа.
 

13 красавіка 2024, 07:49