Святы Айцец сустрэнецца з пацыентамі і супрацоўнікамі Bambino Gesù
Марыя Валодзіна - Pope
У святочным мерапрыемстве прыме ўдзел больш за 3 тысячы ўрачоў, медсясцёр, даследчыкаў, тэхнічны і адміністрацыйны персанал, валанцёры, а таксама маленькія пацыенты і іх сем'і. Нагодай стане 100-годдзе ахвяравання бальніцы Святому Пасаду: 20 лютага 1924 года герцагі Сальвіяці перадалі Пію ХІ першы італьянскі дзіцячы шпіталь, заснаваны ў 1869 годзе.
За сто гадоў маленькая лякарня на пагорку Янікул пераўтварылася ў адзін з найбуйнейшых у Еўропе акадэмічны цэнтр даследаванняў і педыятрычнай дапамогі. Сёння папскі шпіталь месціцца ў шасці сядзібах, мае 627 ложкаў. Штогод клініка атрымлівае больш за 95 тысяч зваротаў у аддзяленне неадкладнай дапамогі, выконвае 30 тысяч шпіталізацый, больш за 32 тысячы хірургічных умяшанняў і 2,5 мільёна амбулаторных паслуг. У Bambino Gesù працуюць спецыялісты ўсіх медыцынскіх і хірургічных педыятрычных спецыяльнасцяў, у тым ліку такіх інавацыйных сектараў як транспланталогія, тэрапія генетычных і метабалічных захворванняў, лячэбная і хірургічная кардыялогія, неўралогія, анкагематалогія. Клініка вядзе інтэнсіўную даследчую дзейнасць, якой займаюцца амаль 2 тысячы даследчыкаў. Штогод бальніца праводзіць каля тысячы даследчых праектаў і клінічных выпрабаванняў і выдае больш за 1300 навуковых публікацый.
У аўдыенцыі з Францішкам прымуць удзел дырэктар клінікі Тыцыяна Анэсці, герцагіня Марыя Грацыя Сальвіяці і сем’і больш за 200 дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў Bambino Gesù, у тым ліку пацыенты з Украіны і Газы.