ҽ

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: бескарыслівасць – гэта прыняць крыж і з’яднацца з Хрыстом

Як прымірыць жаданне атрымліваць вынік у дабрачыннай дзейнасці з евангельскім прынцыпам бескарыслівасці? Паразважаць над гэтым пытаннем прапанаваў Папа.

Аляксандр Панчанка - Pope

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў сустрэчы прадстаўнікоў арганізацый і ўстаноў, якія дапамагаюць Касцёлу ў Лацінскай Амерыцы. Форум праходзіць з 4 па 8 сакавіка 2024 года ў сталіцы Калумбіі, Багаце.

Святы Айцец прысвяціў свой зварот тэме бескарыслівасці, нагадваючы, што мы атрымалі ўсё ў дар ад Бога. “Мы з’яўляецца распарадчыкамі атрыманых дабротаў, таму не павінны хваліцца і патрабаваць кампенсацыі, большай за наш заробак, з пакорай прымаючы адказнасць, якой патрабуе гэты дар”, - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў, што Бог даў людзям усё: жыццё, стварэнне, розум і волю, каб былі гаспадарамі свайго лёсу, здольнасць мець адносіны з Ім і братамі. Акрамя таго, Ён бясконцую колькасць разоў дорыць нам самаго Сябе, - сказаў Францішак, згадваючы пра крыжовую ахвяру Хрыста і дары Эўхарыстыі і Святога Духа.

Усё, што маем – гэта доказ і аб’яўленне Яго любові, а “калі мы губляем гэта ўсведамленне мы скажаем Яго і нашу сутнасць”: “з руплівых распарадчыкаў Бога, мы ператвараемся ў рабоў грошай і, падпарадкаваныя страху не мець, мы робім скарбам нашага сэрца фальшывую эканамічную бяспеку, адміністрацыйную эфектыўнасць, кантроль, жыццё без узрушэнняў”, - папярэдзіў Папа.

Пантыфік нагадаў, што ад самага моманту стварэння Бог любіць усіх людзей, дорыць сябе, нягледзячы на нашы грахі і нявернасць, і з гэтым трэба лічыцца, дапамагаючы іншым. “Таму не будзем пазбягаць невідушчых, тых, хто ляжыць на ўзбочыне дарогі, тых, каго пакрыла праказа і галеча, але будзем прасіць Пана аб здольнасці бачыць тое, што перашкаджае ім вырашыць іх цяжкасці”, - заклікаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што Бог дорыць сябе “заўсёды і поўнасцю”, становячыся бедным, каб узбагаціць нас. “Таму мы можам прыйсці да высновы, што бескарысліваць – гэта наследаванне таго, як Езус дорыць сябе нам, свайму народу, заўсёды і поўнасцю, нягледзячы на нашу нікчэмнасць. Чаму? – З любові”, - сказаў Францішак.

Па словах Святога Айца, па гэтай прычыне мы не павінны быць занадта засяроджанымі на выніках нашай дабрачыннай дзейнасці. “Дорачы сябе падобным чынам, мы наследуем Езуса, які аддаў сябе, каб збавіць усіх нас”, - дадаў ён. “Прыняцце крыжа – гэта не знак няўдачы, гэта не марная праца, гэта з’яднанне з місіяй Езуса”, - запэўніў Францішак, дадаючы, што яна заключаецца ў тым, каб лячыць раны параненых братоў і супольнасцей, несці ім святло, уздымаць на ногі, ачышчаць аб галечы, даваць магчымасць адказаць на задуму любові Бога да іх, просячы на каленях, каб прыйшоўшы сюды, Езус знайшоў веру на зямлі.
 

05 сакавіка 2024, 14:08