Пантыфік: вучэнне Тамаша Аквінскага можа даць свежыя ідэі свету
Аляксандр Панчанка - Pope
7 сакавіка 2024 года было абнародавана пасланне Францішка да ўдзельнікаў семінару на тэму сацыяльнай анталогіі і натуральнага права ў вучэнні святога Тамаша Аквінскага. Форум праходзіць у Ватыкане па ініцыятыве Папскай акадэміі сацыяльных навук з нагоды 750-годдзя з дня смерці вялікага дамініканіна.
Пантыфік заўважыў, што Анёльскі Доктар “не займаўся развіццём сацыяльных навук у сучасным іх разуменні”, але стаў іх прадвеснікам, аналізуючы філасофскія і тэалагічныя наступствы стварэння чалавека на вобраз Божы. Ён быў перакананы, што чалавек – гэта “самае высакароднае з таго, што ёсць ва ўсім сусвеце”, і таму з’яўляецца “стаўпом грамадскага парадку”.
Святы Тамаш лічыў, што Бог – гэта “праўда і святло, якое асвятляе ўсякае разуменне”, і таму быў упэўнены ў адсутнасці фундаментальных супярэчнасцей паміж праўдай, адкрытай праз Божае аб’яўленне і той, якая адкрываецца праз чалавечы розум.
Пантыфік падкрэсліў, што святы Тамаш Аквінскі надаваў вялікую ўвагу пытанню справядлівасці, чым аказаў уплыў на фармаванне сучаснай этычнай і юрыдычнай думкі. Ён бараніў неад’емную годнасць і адзінства чалавечай асобы, якая належыць да фізічнага свету, дзякуючы целу, а да духоўнага, дзякуючы разумнай душы.
Папа заўважыў, што вучэнне святога Тамаша Аквінскага, асабліва пра ўпісаны ў чалавечае сэрца натуральны закон, які дазваляе адрозніваць дабро ад зла, з’яўляецца актуальным у наш час, каб “фармаваць сацыяльную і палітычную думку, якая б садзейнічала, а не перашкаджала сапраўднаму развіццю паасобных людзей і народаў”.
“Вера святога Тамаша Аквінскага ў натуральны закон, упісаны ў сэрца чалавека, можа даць свежыя і плённыя ідэі нашаму глабалізаванаму свету, у якім пануюць прававы пазітывізм і казуістыка, нават калі ён працягваць шукаць моцнага фундаменту для справядлівага і гуманнага грамадскага ладу”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў таксама, што людзі, як аб’екты Божай любові, становяцца суб’ектамі Яго міласэрнасці і пакліканы адлюстроўваць гэту міласэрнасць у служэнні справядлівасці і агульнаму дабру.