ҽ

Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Кіраўнік Залы Друку: Папа просіць мець мужнасць, каб пачаць перамовы

Матэа Бруні адказаў на пытанні журналістаў пасля інтэрв’ю, якое Папа даў швейцарскай тэлерадыёкампаніі RSI.

Марыя Валодзіна - Pope

Сваімі словамі пра Украіну Святы Айцец меў намер заклікаць да спынення агню і да мужнасці, каб пачаць перамовы. Па словах кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы, “падчас нядаўняга інтэрв'ю Папа выкарыстоўвае тэрмін белы сцяг, прапанаваны інтэрв'юерам, маючы на ўвазе спыненне ваенных дзеянняў, перамір'е, якое дасягаецца дзякуючы мужнасці перамоў. У іншым месцы інтэрв'ю, кажучы пра іншую канфліктную сітуацыю, але маючы на ўвазе любую ваенную сітуацыю, Папа выразна заявіў: “Перамовы ніколі не з'яўляюцца капітуляцыяй”.

У інтэрв'ю RSI журналіст Ларэнца Бучэла спытаў меркаванне Папы адносна сітуацыі ва Украіне, нагадваючы, што ёсць людзі, якія заклікаюць да мужнасці, каб здацца і вывесіць белы сцяг, у той час як іншыя сцвярджаюць, што гэта стане легітымізацыяй мацнейшых.

Францішак адказаў: "Гэта толькі інтэрпрэтацыя, але я думаю, што мацнейшы той, хто бачыць сітуацыю, хто думае пра людзей, хто мае смеласць падняць белы сцяг і весці перамовы. Сёння можна весці перамовы з дапамогай міжнародных сіл. Слова дамаўляцца – мужнае слова. Калі бачыш, што церпіш паразу, што справы не ідуць добра, трэба мець адвагу пайсці на перамовы. Можа быць сорамна, але якой колькасцю загінулых гэта закончыцца? Трэба своечасова дамаўляцца, шукаць краіну, якая будзе пасярэднічаць. Сёння, напрыклад, многія жадаюць стаць пасярэднікамі ў вайне ва Украіне. На гэту ролю прапанавала сябе Турцыя. І іншыя. Не саромцеся весці перамовы, пакуль не стане горш.”

Такім чынам, у словах Папы выкарыстоўваецца вобраз, прапанаваны інтэрв'юерам, каб яшчэ раз пацвердзіць тое, што ён казаў на працягу двух гадоў бесперапынных заклікаў і зваротаў, а менавіта: важнасць дыялогу супраць "вар'яцтва" вайны і прыярытэтнасць заклапочанасці лёсам грамадзянскага насельніцтва.

Як падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада, "пажаданне Папы ёсць і застаецца тым, што заўсёды паўтаралася ў гэтыя гады, а таксама нядаўна з нагоды другой гадавіны канфлікту: “Аднаўляючы сваю жывую прыхільнасць да пацярпелага ўкраінскага народа і молячыся за ўсіх, асабліва за шматлікіх нявінных ахвяр, я прашу знайсці трошкі чалавечнасці, якая б дазволіла стварыць умовы для дыпламатычнага ўрэгулявання ў пошуках справядлівага і трывалага міру”.

10 сакавіка 2024, 09:26