ҽ

Францішак падчас апостальскага падарожжа ў Бразілію, 2013 год Францішак падчас апостальскага падарожжа ў Бразілію, 2013 год 

Святы Айцец заклікаў бразільцаў да сапраўднага братэрства

14 лютага 2024 года Францішак накіраваў традыцыйнае велікапоснае пасланне з нагоды Кампаніі братэрства, якую штогод праводзіць Канферэнцыя Біскупаў Бразіліі.

Марыя Валодзіна - Pope

Тэма сёлетняй Кампаніі: Братэрства і сацыяльная дружба. Яе дэвіз: Усе вы — браты (пар. Мц 23, 8).

"Дарагія браты і сёстры Бразіліі! Пачынаючы велікапосны шлях пакаяння і малітвы, я далучаюся да маіх братаў з Канферэнцыі Біскупаў Бразіліі і дзякую Усявышняму за 60 гадоў кампаніі братэрства. Гэта шлях навяртання, які спалучае веру і жыццё, духоўнасць і братэрскія абавязацельствы, любоў да Бога і любоў да блізкага, асабліва да самых уразлівых і патрабуючых клопату”, - напісаў Францішак.

“Біскупы Бразіліі запрашаюць увесь бразільскі народ прайсці падчас Вялікага посту шлях навяртання, заснаваны на энцыкліцы Fratelli tutti, якую я падпісаў у Асізі 3 кастрычніка 2020 года, напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Францішка”, - гаворыцца ў пасланні.

Папа заахвоціў бразільскіх вернікаў будаваць сапраўднае ўсеагульнае братэрства. “На жаль, у сённяшнім свеце ўсё яшчэ назіраецца шмат ценяў і замкнёнасці. Таму я нагадваю вам пра неабходнасць пашыраць кола, дасягаць тых, хто на першы погляд, не належыць да свету маіх інтарэсаў (пар. Fratelli tutti, 97)”, - адзначыў Пантыфік.

"Я жадаю, каб Кампанія братэрства зноў дапамагала людзям і суполкам краіны ў іх працэсе навяртання да Евангелля нашага Пана Езуса, пераадолеўшы ўсе разнагалоссі, абыякавасць, нянавісць і гвалт”, - завяршыў сваё пасланне Францішак.

14 лютага 2024, 16:16