ҽ

Анёл Панскі Анёл Панскі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Пантыфік: вайна заўсёды бескарысная і безвыніковая

Не забываць аб крывавых канфліктах, якія бушуюць на афрыканскім кантыненце і ў многіх частках свету, заклікаў Францішак вернікаў, якія 18 лютага 2024 года, у першую нядзелю Вялікага посту, сабраліся на ватыканскай плошчы святога Пятра.

Марыя Валодзіна - Pope

“Прайшло ўжо дзесяць месяцаў з пачатку ўзброенага канфлікту ў Судане, які прывёў да вельмі цяжкай гуманітарнай сітуацыі. Я зноў заклікаю ваюючыя бакі спыніць гэтую вайну, якая наносіць сур’ёзную шкоду народу і будучыні краіны”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы маліцца аб тым, каб як мага хутчэй былі знойдзеныя шляхі да міру дзеля будучыні Судана.

“Гвалт супраць безабароннага насельніцтва, разбурэнне інфраструктуры і небяспека зноў бушуюць у правінцыі Кабу-Дэльгада ў Мазамбіку, дзе ў апошнія дні была падпаленая каталіцкая місія Афрыканскай Маці Божай ў Мазэзэ”, - адзначыў Святы Айцец, молячыся аб тым, каб мір вярнуўся ў гэты змучаны рэгіён.

Францішак заклікаў не забываць пра шматлікія іншыя крывавыя канфлікты на афрыканскім кантыненце і ў многіх частках свету: у Еўропе, Палесціне, Украіне. “Давайце не будзем забываць: вайна заўсёды параза, заўсёды”, - нагадаў ён.

“Дзе б ні ішлі баі, людзі знясілелі, стаміліся ад вайны, якая заўсёды бескарысная і безвыніковая, нясе толькі смерць, толькі разбурэнне, і ніколі не нясе рашэння праблемы”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы вернікаў нястомна маліцца, просячы Пана аб дары розуму і сэрцаў, адданых справе міру.

Пантыфік нагадаў, што з 18 лютага ён разам з супрацоўнікамі Рымскай курыі распачне духоўныя практыкаванні, і запрасіў усіх вернікаў “у Вялікі пост і ў год падрыхтоўкі да Юбілею, які з'яўляецца Годам малітвы”, прысвяціць пэўныя моманты Пану.

18 лютага 2024, 13:49