Папа даручыў клопат пра інфраструктуру Ватыкана былому вайскоўцу
Аляксандр Панчанка - Pope
Былы загадчык Генеральнага штаба Узброеных сіл Італіі быў прызначаны на пасаду кіраўніка Дырэкцыі па справах інфраструктуры і абслугоўвання Губернатара Дзяржавы Ватыкан. 15 лютага 2024 года было абнародавана адпаведнае распараджэнне Папы.
Сальваторэ Фарына мае багаты арганізацыйны досвед, які спатрэбіцца ў кантэксце падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года. Ён будзе адказваць за пытанні звязаныя з будаўніцтвам, лагістыкай, абсталяваннем, закупкамі, даглядам за садамі.
Генерал Фарына завяршыў службу ў італьянскай арміі ў 2021 годзе. На працягу 36-гадовай вайсковай кар’еры ён займаў розныя высокія пасады: з 2013 па 2014 год – камандуючы Місіяй НАТА ў Косава; з 2015 па 2016 год – старшыня Камітэта па рэалізацыі Белай кнігі па абароне-2015; з 2016 па 2018 год – кіраўнік Камандавання аб’яднанымі сіламі НАТА ў Брунсуме (Нідэрланды); з 2018 па 2021 год – загадчык Генеральнага штаба Узброеных сіл Італіі.