Папа: развіццё навукі і тэхналогій не павінна знявечыць чалавека
Аляксандр Панчанка - Pope
“Як можна зразумець тое, што характарызуе чалавечую істоту?” – разважанню над гэтай праблемай прысвечана сёлетняя Генеральная асамблея Папскай акадэміі жыцця, з членамі якой Францішак сустрэўся 12 лютага 2024 года ў Ватыкане. Ён заўважыў, што гаворка ідзе пра тэму “надзвычайнай важнасці”, а таксама пра “старажытнае і заўсёды новае пытанне”, якое новыя тэхналогіі робяць яшчэ больш складаным.
Папа спаслаўся на меркаванне навукоўцаў, якія сцвярджаюць, што нельга апрыёры быць “за” ці “супраць” машын і тэхналогій. “Тое, што трэба зрабіць, гэта ўпісаць навуковыя і тэхналагічныя веды ў больш шырокі гарызонт сэнсу, пазбягаючы такім чынам тэхнакратычнай гегемоніі”, - сказаў ён.
Пантыфік спаслаўся пра спробы рэпрадуктаваць чалавечую істоту з дапамогай інструментаў і логікі тэхнікі. Такі падыход, на яго думку, “прадугледжвае звядзенне чалавека да сукупнасці характарыстык, якія можна ўзнавіць”, пачынаючы з выкарыстання лічбавай мовы, што прэтэндуе на выражэнне ўсякага роду інфармацыі праз лічбавыя коды.
Францішак падкрэсліў, што “ўзрастаючыя здольнасці навукі і тэхнікі, прымушаюць людзей адчуваць сябе галоўнымі героямі творчага акту, падобнага да боскага, які стварае вобраз і падабенства чалавечага жыцця, уключаючы магчымасці размаўляць, якімі, як здаецца, надзелены “гаворачыя машыны”.
“Ці будзе чалавеку пад сілу ўліць дух у нежывую матэрыю? Гэта спакуса падступная. Таму ад нас патрабуецца разабрацца ў тым, як можна адказна рэалізоўваць крэатыўнасць чалавека, даверанага самому сабе. Гаворка ідзе пра развіццё атрыманых талентаў, не дапускаючы знявечання чалавека і скасавання канстытутыўных адрозненняў, якія ствараюць парадак у сусвеце”, - дадаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што гэта заданне ставіць нас “на антрапалагічны ўзровень і патрабуе развіцця культуры, якая, інтэгруючы рэсурсы навукі і тэхнікі, будзе здольнай распазнаваць і развіваць чалавечае ў яго асаблівай непаўторнасці”. Францішак падкрэсліў, што задача, якая стаіць перад навукоўцамі, прадугледжвае дыялог, міждысцыплінарны абмен, супрацьпастаўленне ведаў, узаемнае слуханне, крытычную рэфлексію і гатоўнасць стаць на недаследаваныя і невядомыя шляхі.