ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: не закрываць вочы на драму гандлю людзьмі

Адкрыць вочы і вушы, бачыць схаванае і слухаць тых, хто не мае голасу, прызнаваць годнасць кожнага і дзейнічаць супраць гандлю людзьмі і ўсіх форм эксплуатацыі, - заклікаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Pope

8 лютага 2024 года ў Ватыкане было абнародавана пасланне Францішка на 10-ы Сусветны дзень малітвы і рэфлексіі супраць гандлю людзьмі, які адзначаецца ў Касцёле ў літургічны ўспамін святой Жазэфіны Бакіты. “Ад усяго сэрца далучаюся да вас, асабліва да маладых людзей, якія ва ўсім свеце змагаецеся з гэтай глабальнай драмай”, - напісаў Пантыфік у пасланні на тэму Ісці дзеля годнасці: слухаць, марыць, дзейнічаць.

“Мы ідзём разам па слядах святой Бакіты, суданскай манахіні, якая ў дзяцінстве была прададзена ў рабства і стала ахвярай гандлю людзьмі. Мы памятаем пра несправядлівасць, якую яна спазнала, пра яе пакуты, але таксама пра яе сілу і шлях да вызвалення і адраджэння да новага жыцця. Святая Бакіта заахвочвае нас адкрыць вочы і вушы, бачыць нябачнае і слухаць тых, хто не мае голасу, прызнаваць годнасць кожнага і дзейнічаць супраць гандлю людзьмі і ўсіх форм эксплуатацыі”, - напісаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што “гандаль людзьмі часта непрыкметны”. “Сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку дзякуючы адважным рэпарцёрам, праліваюць святло на рабства нашага часу, але культура абыякавасці робіць нас неадчувальнымі. Давайце разам дапамагаць адзін аднаму рэагаваць, адкрываць нашае жыццё, нашы сэрцы на шматлікіх сясцёр і братоў, да якіх ставяцца як да рабоў. Ніколі не позна вырашыцца на гэта”, - заклікаў Святы Айцец, прапануючы супрацьпаставіць гандлю людзьмі слуханне, мары і дзейнасць.

“Вельмі важна мець здольнасць слухаць тых, хто пакутуе. Я думаю пра ахвяр канфліктаў, войнаў, пра тых, хто пацярпеў ад наступстваў змены клімату, пра мноства вымушаных мігрантаў, пра тых, хто падвергся сексуальнай ці працоўнай эксплуатацыі, асабліва пра жанчын і дзяўчат. Давайце прыслухаемся да іх воклічу аб дапамозе, давайце дазволім іх гісторыям узрушыць нас; і разам з ахвярамі і маладымі людзьмі зноў пачнем марыць аб свеце, у якім людзі могуць жыць свабода і годна”, - напісаў Папа.

Францішак заахвоціў сілай Духа Езуса Хрыста “ператварыць гэтую мару ў рэальнасць праз канкрэтныя дзеянні па барацьбе з гандлем людзьмі”. “Возьмем на сябе абавязак маліцца і дзейнічаць на карысць гэтай справы, якая датычыцца годнасці: маліцца і дзейнічаць, як асабіста, так і ў сем’ях, у парафіяльных і рэлігійных супольнасцях, у касцёльных аб’яднаннях і рухах, а таксама ў розных сацыяльных сферах і ў палітыцы”, - напісаў ён.

“Мы ведаем, што змагацца з гандлем людзьмі магчыма, але трэба дасягнуць кораня феномена, ліквідаваць яго прычыны. Таму я заахвочваю вас адказаць на заклік да пераўтварэння ў памяць пра святую Жазэфіну Бакіту, сімвал тых, хто, на жаль, апынуўся ў рабстве, але ўсё яшчэ можа вярнуць сабе свабоду. Гэта заклік не стаяць на месцы, мабілізаваць усе нашы рэсурсы ў барацьбе з гандлем людзьмі і вярнуць поўную годнасць тым, хто стаў яго ахвярай. Калі мы заплюшчым вочы і вушы, калі застанемся нерухомымі, мы будзем саўдзельнікамі”, - напісаў Папа, запэўніваючы ў сваім благаслаўленні ўсіх, хто жадае змагацца з гандлем людзьмі і ўсякімі формамі эксплуатацыі дзеля будавання братэрскага і мірнага свету.
 

08 лютага 2024, 13:15