Пантыфік: вайна пазбаўляе ўсмешкі і будучыні вельмі многіх дзяцей
Аляксандр Панчанка - Pope
27 студзеня 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю італьянскай дабрачыннай асацыяцыі Nolite Timere, якая ўжо на працягу чвэрці стагоддзя дапамагае дзецям, што згубілі бацькоў падчас генацыду ў Руандзе. “І гэта нагадвае нам – у свеце, дзе, здаецца, ўсё больш расце колькасць муроў і падзелаў паміж людзьмі і народамі, – што любоў не мае бар’ераў”, - сказаў Пантыфік.
Францішак падкрэсліў, што генацыд у Руандзе быў жудаснай падзеяй, пра якую трэба памятаць, каб падобныя дзеянні больш не паўтараліся ніколі.
Папа нагадаў, што асацыяцыя Nolite Timere была створана ў Італіі, дзякуючы ініцыятыве тагачаснага нунцыя ў Руандзе, арцыбіскупа Сальваторэ Пэнакіа, і пробашча парафіі святой Ганны ў Джуліана, ксяндза Тамаза Кучынэла. Яна атрымала падтрымку святога Яна Паўла ІІ, а яе члены імкнуліся забяспечыць руандскіх сірот неабходным для жыцця, а таксама для школьнай і рэлігійнай фармацыі, заўсёды з “духам адкрытасці і безумоўнай любові, з’яднаныя жаданнем дарыць ім усмешку і надзею на будучыню”.
Святы Айцец заклікаў памятаць, што “вайна і зброя пазбаўляюць дзяцей усмешкі і будучыні, а гэта – трагічна”. “Давайце памолімся, каб у свеце спыніліся гвалт і канфлікты, па прычыне якіх дагэтуль, на жаль, вельмі шмат дзяцей працягвае пакутаваць, падвяргацца эксплуатацыі і паміраць”, - сказаў Папа, завяршаючы свой зварот словамі Паўла VI: “Ніколі больш не павінна быць вайны! Ніколі больш!”.