Святы Айцец: прырода дае каштоўныя пасланні чалавеку
Аляксандр Панчанка - Pope
22 студзеня 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму Эканоміка Францішка і свет італьянскага віна, арганізаванай у рамках міжнароднай прафесійнай выставы він Vinitaly, якая штогадова праводзіцца ў Вероне.
Францішак высока адзначыў жаданне сваіх гасцей задумацца над этычнымі аспектамі і маральнай адказнасцю іх працы. Ён заўважыў, што асноўныя тэмы дыскусій у рамках форума, якія тычыліся клопату пра навакольнае асяроддзе, працу і звычкі спажыўцоў, “указваюць на адносіны, арыентаваныя на павагу на розных узроўнях”.
Пантыфік падкрэсліў, што акрамя ўжывання прамысловай тэхнікі і камерцыйнай логікі вінаробы пакліканы праяўляць павагу да зямлі, лазы, працэсаў вырошчвання, ферментацыі і вытрымкі.
“Павага, цярплівасць і здольнасць прыносіць плёны” з’яўляюцца “каштоўнымі пасланнямі для душы, якія пазнаюцца з рытмаў прыроды, вінаграднай лазы і апрацоўкі зямлі”, - сказаў Святы Айцец. Папа нагадаў, што “віно, зямля, а таксама сельскагаспадарчыя і прадпрымальніцкія навыкі з’яўляюцца дарамі Бога”, даверанымі чалавеку, каб ён “з сумленнасцю і чуласцю зрабіў іх сапраўднай крыніцай радасці” для ўсіх людзей, а “не толькі для тых, хто мае большыя магчымасці”.