ҽ

Пантыфік: евангелізацыя патрабуе канкрэтных праяў любові

“Якая карысць ад доўгіх малітваў і мноства прыгожых спеваў, калі пасля гэтага я няздольны быць цярплівым да бліжняга, калі не ўмею быць блізкім да маці, якая знаходзіцца ў самотнасці?”, - прапанаваў задумацца Папа.

Аляксандр Панчанка - Pope

20 студзеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў італьянскай Нацыянальнай рады Абнаўлення ў Святым Духу. Ён падзяліўся думкамі пра місію харызматычнага руху, звяртаючы асаблівую ўвагу на важнасць яго малітоўнага і евангелізацыйнага служэння, якое заахвоціў здзяйсняць у еднасці з усім Касцёлам.

Пантыфік нагадаў, што малітва, асабліва малітва праслаўлення, вельмі неабходная “ў свеце, дзе пануе культура валодання і эфектыўнасці, а таксама ў Касцёле, які часам занадта турбуецца пра арганізацыйныя пытанні”. “Мы ўсе маем патрэбу ў тым, каб даць месца ўзнясенню падзякі, праслаўленню і здзіўленню перад абліччам ласкі Бога. Прашу вас, браты і сёстры, працягвайце служыць Касцёлу ў гэтым, асабліва, папулярызуючы малітву адарацыі, у якой пераважае маўчанне, у якой Божае слова бярэ верх над нашымі словамі”, - сказаў Папа, дадаючы, што адарацыя дазваляе ставіць у цэнтр не чалавека, а Бога.

Заклікаючы сваіх гасцей садзейнічаць евангелізацыі, Францішак падкрэсліў, што яна належыць да ДНК харызматычнага руху, бо калі прымаем Святога Духа ў сэрца і жыццё, Ён заўсёды паштурхоўвае выходзіць насустрач людзям і абвяшчаць Евангелле.

“І заўсёды памятайце, што ў першую чаргу абвяшчэнне здзяйсняецца праз жыццёвае сведчанне! Якая карысць ад доўгіх малітваў і мноства прыгожых спеваў, калі пасля гэтага я няздольны быць цярплівым да бліжняга, калі не ўмею быць блізкім да маці, якая знаходзіцца ў самотнасці?”, - прапанаваў задумацца Папа, дадаючы, што “канкрэтная любоў, непрыкметнае служэнне – гэта заўсёды праверка нашага абвяшчэння”.

Францішак заклікаў прадстаўнікоў харызматычнага руху да адзінства з Наступнікам святога Пятра і сваімі мясцовымі біскупамі, гэта значыць служыць сваёй дыяцэзіяльнай і парафіяльнай супольнасці, згодна з пастырскімі ўказаннямі біскупа. Ён заахвоціў да еднасці з іншымі касцёльнымі асацыяцыямі, рухамі і групамі, каб даваць сведчанне братэрства, узаемнай павагі пры адметнасцях, супрацоўніцтва ў рэалізацыі супольных ініцыятыў, служэння Божаму народу і вырашэння сацыяльных праблем, якія закранаюць годнасць чалавека.
 

20 студзеня 2024, 12:46