Папа: братэрства – закваска міру, якога патрабуюць перыферыі
Аляксандр Панчанка - Pope
4 студзеня 2023 года Францішак сустрэўся з дэлегацыяй Fraternité missionnaire des Cités (Місіянерскага брацтва гарадоў) – новага касцёльнага руху, у які ўваходзяць маладыя католікі з ускраін буйных французскіх гарадоў, што дапамагаюць святарам займацца душпастырскай дзейнасцю ў гэтых кантэкстах, часта пазначаных шматлікімі сацыяльнымі праблемамі.
У тэксце прамовы, якую Пантыфік урычыў сваім гасцям, ён звярнуў увагу на бэтлеемскую стаенку. “Пастухі, якія прыйшлі да ясляў былі адчужанымі і карысталіся дрэннай рэпутацыяй. І тым не менш ім першым было абвешчана Евангелле збаўлення. Яны былі беднымі, але мелі адкрытыя сэрцы”, - адзначыў Папа, дадаючы, што гэты вобраз нагадвае пра досвед, з якім штодзённа сустракаюцца члены брацтва.
“Вам не трэба ісці вельмі далёка ў вашым служэнні ў сэрцы вашых гарадоў, каб адкрыць экзістэнцыяльныя перыферыі нашых грамадстваў, якія вельмі часта знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі, у вашым квартале, на рагу вуліцы, на той жа лесвічнай клетцы. Гэта вам належыць несці пасланне, якое было дадзена пастухам: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу” (Лк 2,10)”, - падкрэсліў Францішак.
Папа заклікаў сваіх гасцей з шчодрасцю жыць братэрствам у сваіх кварталах. “Братэрства – гэта закваска міру, у якім маюць патрэбу перыферыі: яно дазваляе кожнаму адчуваць сябе прынятым такім, якім ён ёсць, там, дзе знаходзіцца. Заахвочваю вас, падчас кожнай вашай сустрэчы, адкрываць у братах прысутнасць Пана Езуса і сведчыць пра прысутнасць спагадлівага Бога, які хоча выразіць сябе і дзейнічаць праз вашы жэсты, вашы словы, вашу простую прысутнасць; пра цярплівага Бога, які крочыць у нагу з кожным чалавекам, з яго ранамі, яго паўстаннямі, яго абурэннем. Я ведаю колькі насілля, раўнадушша і нянавісці часам можа пазначаць вашы кварталы: сёння вы маеце мужную і неабходную місію – несці блізкасць, спагаду і пяшчоту Бога людзям, якія часта пазбаўлены годнасці і любові”, - адзначыў Святы Айцец.