ҽ

Кніга кардынала Сэмерара "Павел VI. Доктар таямніцы Хрыста" Кніга кардынала Сэмерара "Павел VI. Доктар таямніцы Хрыста" 

Францішак: святы Павел VI быў сузіральнікам аблічча Хрыста

У выдавецтве Biblioteca Vaticana выйшла ў свет кніга "Павел VI. Доктар таямніцы Хрыста". Яе аўтар – прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі, кардынал Марчэла Сэмерара. Прадмову да кнігі напісаў Папа Францішак.

Марыя Валодзіна - Pope

Асноўны змест выдання склалі гаміліі кардынала Сэмерара, якія ён прамовіў з 2008 па 2014 год, 6 жніўня, у дзень смерці Паўла VI.

У сваёй прадмове Францішак адзначыў, што часта задумваўся над тым, ці не лічыць Паўла VI пакутнікам. “Аднойчы, на прыватнай сустрэчы незадоўга да беатыфікацыі Папы Манціні, я распавёў аб гэтым біскупу Марчэла (Сэмерара). Я спытаў яго, напаўсур'ёзна і напаўжартліва, якую літургічную вопратку мне апрануць на цырымонію: чырвоную ці белую. Ён не зразумеў мяне і заўважыў, што для пахавальных абрадаў Пап прадпісаны чырвоны колер... Я растлумачыў яму, што я меў на ўвазе, і ён задумаўся разам са мной”, - падзяліўся ўспамінам Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што 15 снежня 1969 года падчас традыцыйнага абмену каляднымі віншаваннямі з Калегіяй кардыналаў і Рымскай курыяй Павел VI заўважыў, што Другі Ватыканскі Сабор прывёў некаторых святароў у стан “духоўнага напружання” і выклікаў крызіс сярод многіх з іх. "Гэта наш цярновы вянок", - сказаў тады Павел VI.

“Заклік любіць Касцёл быў адным з самых частых і настойлівых у служэнні Паўла VI. Ён разглядаў яго як люстэрка, у якім можна ўбачыць Хрыста, прастору, у якой можна сустрэць Хрыста”, - напісаў Францішак, дадаючы, што менавіта гэтую абсалютную любоў да Хрыста меў намер падкрэсліць сваімі гаміліямі кардынал Сэмерара.

На думку Францішка, святы Павел VI быў сузіральнікам, прапаведнікам і сведкам Перамянення Хрыста. “Можна сказаць, што ён жадаў увайсці ў гэтую евангельскую сцэну ў якасці спадарожніка трох апосталаў, абраных Езусам. Больш за тое: яго патаемным і сакрэтным жаданнем было заўсёды быць з Ім на святой гары (cum ipso in monte), і гэта перамяніла яго жыццё”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак прызнаўся, што яго заўсёды прыцягвала постаць святога Паўла VI, ён чэрпаў духоўную сілу ў яго прамовах у Маніле, у Назарэце. Першая апостальская адгартацыя Францішка Evangelii gaudium стала чымсьці накшталт іншага боку медаля адгартацыі Паўла VI Evangelii nuntiandi. Па словах Францішка, ён часта паўтарае выраз з гэтай адгартацыі, які запаў яму ў сэрца: салодкая і суцяшальная радасць евангелізацыі.

“Фраза, якая стала назвай гэтай кнігі, належыць Мары-Жазэфу Ле Гію, вялікаму дамініканскаму тэолагу, якога я вельмі цаню. Ён напісаў яе ў выданні, прысвечаным прароцкай, духоўнай і дактрынальнай, пастырскай і місіянерскай велічы Другога Ватыканскага Сабора”, - напісаў Папа, дадаючы, што жадае скарыстацца гэтай спасылкай для таго, каб з нагоды Юбілейнага 2025 года запрасіць усіх звярнуцца да асноўных тэкстаў Другога Ватыканскага Сабора.

“У сваёй кнізе айцец Ле Гію апісвае Другі Ватыканскі Сабор як акт сузірання аблічча Хрыста. Вучэнне Другога Ватыканскага Сабора неабходна перачытваць, вывучаць, паглыбляць і рэалізоўваць у гэтым святле”, - лічыць Францішак, узгадваючы эпізод, які адбыўся з ім у Вільнюсе. На пытанне аднаго езуіта аб тым, як яму дапамагчы, Папа адказаў так: "На думку гісторыкаў, для рэалізацыі рашэнняў Сабора спатрэбяцца 100 гадоў. Мы на паўдарозе. Каб дапамагчы мне, спрыяйце ўкараненню рашэнняў Сабора ў Касцёле".

На заканчэнне прадмовы Францішак пажадаў чытачам, каб разважанні, прыведзеныя ў кнізе, дапамаглі ім стаць сузіральнікамі аблічча Хрыста, Яго Слова і святога народа Божага.

17 студзеня 2024, 16:11