Францішак да хворай дзяўчыны: змагайся і маліся за моладзь
Марыя Валодзіна - Pope
Апошнія восем гадоў дзяўчына пакутуе на цяжкую хваробу. Яе перапіска з Папам пачалася напярэдадні Сусветных дзён моладзі, якія прайшлі ў Лісабоне з 1 па 6 жніўня 2023 года.
"Урач сказаў, што не ведае, калі я сустрэнуся з Езусам, але гэта адбудзецца ў бліжэйшы час", - напісала яна ў чэрвені 2023 года ў лісце да Францішка. Нягледзячы на прагноз, Эдна працягвае жыць і пераносіць пакуты з трываласцю, якая кранула Святога Айца.
26 студзеня 2024 года Папа даслаў дзяўчыне яшчэ адно прывітанне ў відэароліку, які запісаў кардынал Амерыку Мануэль Алвеш Агіяр, адзін з арганізатараў Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. "Эдна, я памятаю цябе. Я памятаю, што ты ахвяравала сваю хваробу і свой боль Дням моладзі. Дзякуй табе за гэта і за тое, што працягваеш змагацца. Імкніся наперад, працягвай змагацца!” - сказаў Папа ў відэароліку.
"Працягвай маліцца за маладых людзей, якім патрэбныя сілы, каб рухацца наперад. Не забывай, што з'яўляешся адным са слупоў Дзён моладзі. Хай благаславіць табе Бог, хай захоўвае табе Святая Багародзіца, і не забывай маліцца за мяне,” - дадаў Францішак.
У мінулым жніўні Эдна, якая наведвае парафію святога Максіміліяна Кольбэ на ўскраіне Лісабона, з-за хваробы не змагла прыняць удзел у Сусветных днях моладзі. "Калі я даведалася, што СДМ адбудуцца ў Партугаліі, я была вельмі шчаслівая, таму што кожны раз, калі я бачу Папу па тэлебачанні, я адчуваю сябе добра, як быццам няма хваробы", - напісала дзяўчына.
На гэтыя радкі Папа адказаў відэазваротам, у якім шэсць разоў падзякаваў ёй. "Я суправаджаю цябе ў падарожжы, якое ты здзяйсняеш. Я суправаджаю цябе, і ведаю, што цябе добра прымуць. Я суправаджаю цябе, молячыся за цябе, молячыся з табой і гледзячы на Езуса, які заўсёды чакае нас", - сказаў Святы Айцец.
Пасланне да 107-гадовай партугальскай жанчыны
У асобным відэазвароце Папа таксама запэўніў у сваіх малітвах Марыю да Кансэйсан Брыту Мендонсу, 107-гадовую партугалку, якая нарадзілася ў дзень аб’яўлення Маці Божай у Фаціме, 13 мая 1917 года. Францішак пазнаёміўся з жанчынай у лісабонскай нунцыятуры і атрымаў ад яе ў падарунак ружанец.
"Заставайцеся моцнай і працягвайце ісці наперад. Не змяншайце тэмп, працягвайце маліцца на ружанцы, каб падтрымаць Касцёл сваёй малітвай і радасцю", - пажадаў ёй Папа.
Зварот да ўдзельнікаў СДМ
Пантыфік таксама перадаў прывітанне шматлікім хлопцам і дзяўчатам, якія ўдзельнічалі ў Сусветных днях моладзі ў Партугаліі і ўжо рыхтуюцца да наступнай сустрэчы, якая адбудзецца ў сталіцы Паўднёвай Карэі.
“Мне кажуць, што вас, моладзь, трэба правакаваць, інакш вы засняце. Не! Не засынайце, добра? Не засынайце!" - сказаў Папа.
"Панама, Лісабон, Сеул. Гэта падарожжа для вас. Гэта падарожжа, якое вы здзяйсняеце, і гэта цікавае падарожжа, якое пакідае свой след. Важна пакідаць сляды ў жыцці, пакідаць тое, што вы зрабілі", - параіў Францішак, запрашаючы моладзь паразважаць над тым, якія сляды яны пакідаюць у жыцці.
“Імкніцеся наперад, не падайце духам”, - заахвоціў маладых людзей Святы Айцец.