Святы Айцец: дыпламатыя павінна ўмацоўваць мір і развіццё
Аляксандр Панчанка - Pope
7 cнежня 2023 года Святы Айцец прыняў даверчыя граматы новых паслоў Кувейта, Новай Зеландыі, Малаві, Гвінеі, Швецыі і Чада. Звяртаючыся да дыпламатычных прадстаўнікоў гэтых краін пры Апостальскай Сталіцы, Пантыфік заўважыў, што пачатак іх місіі выпаў на вельмі неспакойны час, пазначаны павелічэннем колькасці ўзброеных канфліктаў, якія ён называе “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайной”.
“У святле глабальнага значэння канфліктаў, якія адбываюцца, міжнародная супольнасць павінна з дапамогай мірных інструментаў дыпламатыі адказаць на выклік пошуку комплексных рашэнняў сур’ёзнай несправядлівасці, якая часта з’яўляецца іх прычынай”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Францішак спаслаўся на сваю Апостальскую адгартацыю Laudate Deum, у якой звярнуў увагу на тэрміновую неабходнасць у “рэканфігурацыі мультылатэральнай дыпламатыі”, каб “даць канкрэтныя адказы на неадкладныя праблемы і запусціць глабальныя механізмы”, адпаведныя актуальным зменам у сферы клімату, аховы здароўя, культуры і грамадства.
“Высакародная і цярплівая дыпламатычная праца, якой вы прысвячаеце сябе, павінна не толькі імкнуцца прадухіляць і вырашаць канфлікты, але таксама ўмацоўваць мірнае суіснаванне і чалавечае развіццё народаў, спрыяючы павазе да годнасці чалавека, абараняючы неад’емныя правы кожнага мужчыны, жанчыны і дзіцяці і прасоўваючы мадэлі інтэгральнага эканамічнага і чалавечага развіцця”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец нагадаў пра асаблівую заклапочанасць Апостальскай Сталіцы “будучыняй нашага супольнага дома” і наступствамі кліматычных змен і забруджвання навакольнага асяроддзя для самых уразлівых членаў чалавечай сям’і. Ён выказаў спадзяванне на тое, што кліматычны саміт COP28, які праходзіць у Дубаі, стане “гістарычным крокам наперад, каб з мудрасцю і дальнабачнасцю адказаць на гэтыя выразныя і актуальныя пагрозы паўсюднаму агульнаму дабру”.
“Мы молімся, каб лідары краін былі адзінымі ў прыняцці канкрэтных мер, якія дазволяць нам перадаць будучым пакаленням свет, больш падобны на ўрадлівы сад, які Стварыцель даручыў нашаму клопату і распараджэнню”, - дадаў Пантыфік.
Францішак падкрэсліў, што дзейнасць і прысутнасць Святога Пасада ў міжнароднай супольнасці натхняецца жаданнем прасоўваць агульначалавечае братэрства і мір, які, як абвяшчае прарок Ісая, з’яўляецца “плёнам справядлівасці”. Ён запэўніў у малітоўнай падтрымцы намаганняў на карысць дасягнення гэтага вялікага ідэалу.